Спіс самых уплывовых асобаў Беларусі «Наша Ніва» складае другі раз. Папярэдні рэйтынг з’явіўся ў 2013-м. Наш цяперашні топ-100 адлюстроўвае жыццё краіны на пачатак 2015 года.

Ва ўмовах беларускага аўтарытарызму натуральна, што верхняя частка спісу спрэс складаецца з людзей, блізкіх да ўлады. Наконт таго, хто павінен зноў ачоліць «топ», сумневаў не было ні ў кога з экспертаў. Гульцоў у гэтую зборную фактычна набірае адзін чалавек. Ён жа яе галоўны трэнер, ён жа і капітан, і галоўны гулец.

Аляксандр Лукашэнка стварыў сістэму аднаасобнай улады. Існуе і своеасаблівае «палітбюро», але яно, у адрозненне ад савецкага часу, нефармальнае.

Бясстрашны Мікола Статкевіч (№45), які пяць гадоў таму кінуў выклік Лукашэнку, па-ранейшаму за кратамі. Але паміж прадстаўнікамі незалежнай супольнасці ён наперадзе ўсіх.

Крытэры вызначэння ўплывовасці засталіся нязменнымі. Гэта колькасць людзей пад кіраваннем асобы. Гэта таксама рэсурсы, у тым ліку фінансавыя, якія яна можа размяркоўваць. Гэта і колькасць сфераў грамадскага жыцця, на якія асоба мае ўплыў, а таксама актыўнасць, з якой намінант карыстаецца сваёй уладай.

Цікава, што эксперты адзначаюць і тых людзей, уплыў якіх маральны, а не ўладны ці фінансавы.

Натуральна, што больш медыйных і харызматычных персон эксперты ставяць вышэй за шэрых кардыналаў. Увогуле, беларускія ўладныя структуры і бізнэс даволі закрытыя, што не можа не мець адбітку на рэйтынгу.

(У дужках указваецца месца ў аналагічным рэйтынгу 2013 года.)

1 (1). Аляксандр Лукашэнка

Кіраўнік краіны

У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка збіраецца працягнуць свой мандат на выбарах, галасы на якіх лічаць прызначаныя самім жа Лукашэнкам людзі.

2 (4). Валерый Вакульчык

старшыня КДБ

Галоўны сігнал для экспертаў у тым, што сам Лукашэнка ніколі не дазваляў сабе крытыку Вакульчыка, у адрозненне ад многіх ягоных папярэднікаў.

3 (30). Аляксандр Косінец

кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта

Мужна вытрымаўшы цяжкае выпрабаванне Віцебскам, Косінец вярнуўся ў сталіцу. Ды не абы-кім, а кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.

4 (2). Віктар Лукашэнка

памочнік прэзідэнта па пытаннях бяспекі

Старэйшаму сын Лукашэнкі працягвае займаць ключавую, хоць і непублічную пасаду. Віктар пастаянна наведвае арабаў, якія маюць агромныя рэзервавыя фонды і шукаюць, куды б іх інвеставаць.

5 (5) Андрэй Кабякоў

прэм’ер-міністр

Пасля валютнага крызісу канца 2014 Кабякоў застаўся ў белым. Менавіта яго Лукашэнка прэзентаваў як «новы твар» на пасадзе прэм’ер-міністра.

6 (6) Уладзімір Макей

міністр замежных справаў

Макей адчувае сябе больш упэўнена ў калідорах Брусэля і Страсбурга, чым седзячы на нарадах аб паляўніцтве і рыбалцы. Чыноўнік ужо быў канструктарам адной з «адліг» афіцыйнага Мінска і Еўропы. Сёння наспявае наступная.

7 (13) Ігар Шуневіч

міністр унутраных справаў

За апошні год міліцэйскі начальнік прасунуў вельмі жорсткае новае заканадаўства для наркагандляроў і наркаманаў. Шуневіч быў сярод тых, хто распрацоўваў закон аб «дармаедстве».

8 (–) Павел Калаўр

старшыня праўлення Нацбанка

Калаўр – пазітыўны вобраз чыноўніка, які прабіўся наверх дзякуючы мазгам, а не сувязям. Ён не баіцца прымаць рашэнні і гатовы чуць розныя меркаванні.

9 (9) Уладзімір Сямашка

віцэ-прэм’ер

Сямашка адказвае за цану на нафту і газ, а таксама за будаўніцтва АЭС. «Ён як бульдог у перамовах, нікому ніякай пазіцыі не саступіць, і гэта ўсё аргументавана», – хваліць яго Лукашэнка, наракаючы толькі на цяжкі характар чыноўніка.

10 (10) Віктар Шэйман

кіраўнік справаў прэзідэнта

Сёння Шэйман не выглядае такім усемагутным, як гадоў дзесяць таму, але яго «злавешчая цень» па-ранейшаму прысутнічае на нарадах сілавікоў і вайсковых парадах.

11 (7) Юрый Чыж

бізнэсовец, уласнік кампаніі «Трайпл»

Ніводзін іншы беларускі мільянер не мае такой разнастайнасці ў бізнэсе. І нафта, і нерухомасць, і рытэйл, і будматэрыялы, і фармацэўтыка, і турызм, і рэстараны… А таксама любімая цацка – футбольнае «Дынама».

12 (3) Міхаіл Мясніковіч

старшыня савета рэспублікі

Новая пасада Мясніковіча — сінекура. Амаль нікога з ягоных папярэднікаў Лукашэнка не вяртаў у вялікую палітыку. Але ці верыць хто-небудзь, што дасведчаны наменклатуршчык насамрэч застанецца па-за гульнёй?

На фота: падчас наведвання рэдакцыі сайта kyky.org

13 (86) Валянцін Шаеў

старшыня Следчага камітэта

Следчы камітэт – гэта самая актыўная і самая празрыстая сілавая структура краіны. Шаеў не быў завязаны з мінскімі групоўкамі сілавікоў. Але харызмы і яркасці яму ўсё ж не хапае.

14 (37) Мікалай Снапкоў

намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

З кожным годам рыначнік Снапкоў пачуваецца сябе ўсё больш упэўнена. Ён можа належным чынам прадставіць краіны на міжнародным узроўні, гатовы і да кантактаў з незалежнымі экспертамі.

15 (–) Леанід Анфімаў

старшыня Камітэта дзяржкантролю

Першай працай Анфімава было пасвіць калгасных коней. Цяпер ён галоўны «пастух» краіны. Гэты дзядуля, які дабрадушна ўсміхаецца з-пад сівых вусаў, наводзіць страх на многія арганізацыі і людзей. Праверак КДК рэальна баяцца.

16 (–) Віктар Шынкевіч

кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта

Кіраўнік службы аховы — адна з ключавых пасад у сённяшняй Беларусі. Шынкевіч – своеасаблівы мазгавы цэнтр, які займаецца пытаннямі планавання і забеспячэння аперацый.

17 (46) Аляксандр Радзькоў

памочнік прэзідэнта, лідар «Белай Русі»

Радзькоў атрымаў неабмежаваны доступ да кіраўніка краіны. Цяпер ў яго абавязкі ўваходзіць азнаямленне Лукашэнкі са свежымі навінамі, падрыхтоўка сустрэч і тэлефонных размоваў, нават адчыніць дзверцы аўтамабіля падчас паездкі.

18 (33) Аляксандр Канюк

генеральны пракурор

Аўтарытэт і пазіцыі пракуратуры падарвала справа намесніка Аляксандра Архіпава, які за хабар спыніў крымінальную справу супраць злачынцы. Але сам Канюк не быў ублытаны ў гэтую гісторыю.

19 (19) Аляксандр Шакуцін

бізнэсовец, старшыня рады праўлення «Амкадора»

Шакуцін стаў самым набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсменам. Мільянер суправаджае яго і падчас рабочых турнэ, сумешчаных з адпачынкам, і нават падчас сямейных візітаў да цешчы Лукашэнкі.

20 (–) Лілія Ананіч

міністр інфармацыі

Ад першых дзён на пасадзе Ананіч праўляе напорыстасць. Але барацьбу за аўдыторыю ў інтэрнэце дзяржаўная прапагандысцкая машына прайграе ўчыстую.

21 (18) Сяргей Шпягун

кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра

Пра самага таямнічага беларускага чыноўніка па-ранейшаму нічога невядома. ААЦ працягвае сачыць за інтэрнэтам, а калі трэба, то ўключыць «рубільнік».

22 (–) Васіль Мацюшэўскі

першы віцэ-прэм’ер

Мацюшэўскі размаўляе па-англійску, умее стылёва апранацца і не баіцца ўсміхацца ў камеру. Топ-менеджар, які скончыў Лонданскую бізнэс-школу, пагадзіўся стаць тварам пераменаў у крызісны час.

23 (22) Павел Якубовіч

галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня»

Уплыў Якубовіча грунтуецца не толькі на пасадзе кіраўніка прэзідэнцкай газеты, але і на інтэлектуальнай харызме. Але сістэма і на яго накладвае свае абмежаванні.

24 (–) Андрэй Раўкоў

міністр абароны

Высокае месца Раўкова хутчэй аванс, давер да ўплывовасці міністэрства абароны. Асабістыя якасці ўласна міністра, мабыць, праявяцца крыху пазней.

25 (24) Лідзія Ярмошына

старшыня Цэнтрвыбаркама

Старшыня ЦВК выходзіць на авансцэну толькі падчас прэзідэнцкіх выбараў. І сёлета якраз такі год. Ярмошына займае сваю пасаду ўжо 18 гадоў. Так, як яна, не ўмее лічыць ніхто.

Самыя ўплывовыя беларусы. №25—№50

Самыя ўплывовыя беларусы. Месцы №51—№100 + спіс экспертаў + аналіз тэндэнцый 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?