Сёння прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускай федэрацыі футбола. У выбарах старшыні не было ніякай інтрыгі. Адзінай кандыдатурай быў сённяшні кіраўнік БФФ, старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей Румас. За былога віцэ-прэм’ера прагаласавалі адзінагалосна.
Румас абраны старшынёй БФФ на бліжэйшыя чатыры гады. Першы намеснік таксама не змяніўся – Сяргей Сафар’ян.
Пэўныя змены адбыліся ў выканкаму БФФ. Напрыклад, пакінуў «заканадаўчы орган» беларускага футбола славуты трэнер Юрый Пунтус. Не абіраўся на новы тэрмін і рэдактар «Советской Белоруссіі» Павел Якубовіч.
Фота Кірылы Хілько.
Дарэчы, адметна, што на выбарах 2011 года Якубовіча спачатку не абралі ў выканкам БФФ. У рэйтынгавым галасаванні ён набраў недастатковую колькасць галасоў, але паколькі некаторыя асобы, як трэнер Віктар Ганчарэнка, адмовіліся ўваходзіць у выканкам БФФ, Якубовіч усё ж трапіў у спіс людзей, якія вырашаюць футбольную будучыню краіны.
Варта адзначыць, што з новых людзей у выканкам БФФ увайшоў старшыня праўлення «Беларусбанка» Сяргей Пісарык, а таксама начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Аляксей Афанасьеў.





