У рэдакцыю «ІК» звярнулася случчанка Ала Юр'еўна. Яна распавяла, што неспадзявана выпусціла туалетную ваду ў краме з рук, флакон разбіўся і з яе запатрабавалі плату. Чытачка цікавіцца: у якім выпадку пакупнік павінен плаціць за разбіты тавар?

«Я падышла да паліцы, узяла ўпакоўку з парфумай у рукі, — патлумачыла чытачка. — Упакоўка ў руках засталася, а вось флакон выпаў. Атрымліваецца, што хтосьці да мяне распакаваў тавар. Прадаўцы папрасілі заплаціць за ваду, якая каштавала 24 тысячы рублёў. Ніхто з персаналу не пацікавіўся, ці не паранілася я шклом».

Рэдакцыя «ІК» папрасіла спецыялістаў упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю дапамагчы нашай чытачцы разабрацца, хто мае рацыю, а хто вінаваты.

Сітуацыя першая: разбілі праз нязграбнасць

Ва ўпраўленні растлумачылі, што ў пункце 14 Правілаў ажыццяўлення рознічнага гандлю асобнымі відамі тавараў і грамадскага харчавання напісана: «Пакупнік, дапусціўшы псаванне маёмасці прадаўца, абавязаны пакрыць нанесеную шкоду». Таму калі вы ўзялі тавар у рукі і па ўласнай нязграбнасць яго разбілі, то прыйдзецца плаціць.

Сітуацыя другая: штурхнуў іншы пакупнік

Спецыялісты ўпраўлення заўважылі, што на практыцы могуць быць і іншыя выпадкі. Напрыклад, вас штурхнуў іншы пакупнік, і гэта паслужыла прычынай таго, што тавар разбіўся. Ці прыбіральшчыца проста перад вамі «прайшлася» па падлозе мокрай анучай, вы паслізнуліся і ўпалі на вітрыну са шклянымі кубкамі.

У першым выпадку ў пашкоджанні маёмасці будзе вінаваты іншы пакупнік. У другім — сама крама.

«Але ў абодвух выпадках вам варта напісаць скаргу ў кнігу заўваг і прапаноў і папрасіць адміністрацыю крамы разабрацца ў сітуацыі», — растлумачылі ва ўпраўленні.

На запісах камер відэаназірання будзе відаць, калі вас нехта штурхнуў. Пры гэтым трэба памятаць, што існуюць нарматывы, якія рэгулююць шырыню праходаў у краме — не менш за 1,4 метра. На гэта таксама варта звярнуць увагу. Калі гэтыя нормы не выкананыя, то пакупнік ні ў чым не вінаваты.

Нялішнім будзе сфатаграфаваць шырыню праходаў і мокрую падлогу (калі яна такой была), каб у будучыні вам было прасцей даказаць сваю правату.

Сітуацыя трэцяя: упаў распакаваны тавар

У выпадку з чытачкай тавар быў распакаваны да яе. То бок цэласнасць прадукцыі парушаная, што таксама недапушчальна.

Што рабіць?

Спецыялісты ўпраўлення гандлю ў спрэчных выпадках раяць паводзіць наступным чынам:

1. паклікаць загадчыка крамай і растлумачыць, што вы не вінаватыя ў пашкоджанні тавару.

2. Калі вам не паверылі на слова, то заплаціце за тавар, пакіньце сабе чэк і напішыце скаргу з усімі прэтэнзіямі.

3. Нялішнім будзе запісаць нумар тэлефона каго-небудзь з пакупнікоў, якія гатовыя сведчыць на вашу карысць. У скарзе ўкажыце, што хочаце, каб крама разабралася ў спрэчнай сітуацыі.

4. Чакайце адказу (ад двух тыдняў да месяца). Калі крама палічыць, што не па вашай віне тавар разбіўся, то вам вернуць грошы. Калі ж грошы вяртаць адмовяцца, то звяртайцеся са скаргай у аддзел гандлю райвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?