Сайт Нацыянальнай бібліятэкі па стане на 1 красавіка
На партале Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і кан’юнктуры цэн апублікаваны тэндар на абнаўленне і мадэрнізацыю парталу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Работы па абнаўленні і мадэрнізацыі сайту ацанілі ў прыблізна 3 141 млн беларускіх рублёў альбо больш за 213 тысяч даляраў па сённяшнім курсе.
Да ўдзелу ў тэндары дапускаюцца любыя фізічныя і юрыдычныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі. Выканаць працу трэба да 15 снежня 2015 года.
Азнаёміцца з тэхнічнымі патрабаваннямі можна ў далучаным да тэндара дакуменце.
Сярод ключавых патрабаванняў да новай платформы, на якую трэба перавесці інтэрнэт-рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі, прымальныя кошты абслугоўвання і падтрымкі, дастатковая колькасць знаёмых з ёй спецыялістаў на рынку, патэнтная адкрытасць сістэмы, магчымасць дапрацоўкі сістэмы, магчымасць стварэння на аснове сістэмы рэгіянальных парталаў, web-арыентаванасць. Інтэрфейс сістэмы мусіць падтрымліваць беларускую, рускую і англійскую мовы.