Фота: princemypc.deviantart.com
Хоць чалавек і намагаецца пазбавіць сваю планету «зялёных лёгкіх», Зямля стала зелянейшай за апошнія 10 год, пішуць кліматолагі ў часопісе Nature Climate Change.
Кліматолагі даследавалі колькасць раслін з дапамогай уласнага метаду пасіўнага мікрахвалёвага дыстанцыйнага зандавання Зямлі са спадарожнікаў. Паводле даследавання, колькасць вугляроду ў зялёнай біямасе вырасла на 4 млрд тон за 2003-2012 гады.
Лясы аднаўляюцца па-за межамі тропікаў, пераважна на поўначы Аўстраліі, у саванах Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, на закінутых пасля распаду СССР палях СНД. Планеце дапамог і загад кітайскага ўрада па засадцы лясоў.
Таксама па планеце «зелянеюць» кустарнікавыя стэпы, што раней не ўлічваліся ў падобных даследаваннях.
Тым не меней, Зямля губляе багата лясоў у так званай «дузе абязлесення» на паўднёва-ўсходняй ўскраіне лясоў Амазонкі, а таксама ў інданезійскіх правінцыях Суматра і Калімантан.
Навукоўцы не ўпэўненыя, як доўга «зялёныя лёгкія» планеты будуць спраўляцца з ростам выкідаў парніковых газаў праз дзейнасць чалавека — нават з улікам аднаўлення лясоў.





