У Дэкрэце прэзідэнта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які быў падпісаны 2 красавіка, прыводзіцца поўны пералік грамадзян, вызваленых ад так званага падатку на дармаедства. Нагадаем, новы збор у памеры 20 базавых велічынь (сёння гэта 3,6 млн рублёў) павінны будуць унесці ў казну тыя, хто не плаціў падаткі наогул ці плаціў іх менш за 183 дні ў годзе.

Калі казаць прасцей, практычна любы беларус, які афіцыйна не працаваў шэсць месяцаў і адзін дзень, абавязаны будзе выплаціць збор у казну.

Пры гэтым адлік тэрміну пайшоў з 1 студзеня 2015 года. То бок, калі вы па нейкіх прычынах сустрэлі новы год без працы і не знойдзеце яе да пачатку ліпеня, а таксама не зможаце трапіць пад выключэнні, то чакайце паведамлення з падатковай. Збор за гэты год трэба будзе выплаціць да 15 лістапада 2016 года.

Як ужо паведамлялася, не будуць плаціць падатак асобы пенсіённага ўзросту, тыя, хто знаходзіўся на бальнічным, атрымліваў дапаможныя грошы (напрыклад, па доглядзе за дзіцем), інваліды і недзеяздольныя, а таксама тыя, хто фактычна не быў у Беларусі больш за 183 дні. Атрымліваецца, што калі вы едзеце на заробкі ў тую ж Расію нелегальна, то сваю адсутнасць у краіне прыйдзецца даказаць, каб не плаціць падатак.

Finance.tut.by разбіў пералік з прэзідэнцкага дэкрэта па асноўных катэгорыях, каб было больш зразумела, хто ж менавіта цяпер лічыцца «дармаедам», а хто — не.

Моладзь і студэнты

Калі вам няма 18 гадоў, то падатак плаціць не трэба. Акрамя таго, калі, напрыклад, у гэтым годзе вам споўнілася 18 гадоў, то спакойна займацца пошукамі працы вы можаце да наступлення чарговага падатковага перыяду — з 1 студзеня 2016 года. Акрамя таго, тымі, хто бярэ ўдзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў будуць лічыцца тыя, хто атрымліваў адукацыю на дзённай форме навучання. Выключэнне складаюць дадатковыя адукацыі дзяцей, моладзі або дарослых (тэматычныя лекторыі, семінары, практыкумы, трэнінгі, афіцэрскія курсы і гэтак далей). То бок, калі грамадзянін вырашыў год не працаваць і наведваць, напрыклад, курсы замежнай мовы або кройкі і шыцця, то 20 базавых яму прыйдзецца плаціць.

Патрапяць на «падатак на дармаедства» і нідзе не працуючыя студэнты-завочнікі. Затое калі на навучанне ці павышэнне кваліфікацыі вас адправіць служба занятасці, то плаціць нічога не трэба.

Хатнія гаспадыні

Такой катэгорыі ў спісе вызваленых ад падатку няма. Ад збору ў казну вызваляць толькі непрацуючых шматдзетных мам ці тых, хто выхоўвае дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, а таксама дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Калі ж, напрыклад, жонка бізнэсоўца не ходзіць на працу, а займаецца толькі домам, але пры гэтым у сям'і няма дзяцей або яны ўжо пайшлі ў школу, то выплаты ў казну не пазбегнуць.

Фрылансеры

Тых, хто кожны дзень не ходзіць на працу ў офіс або на завод, аўтаматычна ў дармаеды ня запішуць. Не плаціць збор можна, адпрацаваўшы вызначаны час на сезонных работах, спіс якіх сцвярджае Саўмін. Не будуць плаціць падатак тыя, хто выконвае работы па грамадзянска-прававых дамовах. Гэта значыць фрылансеры. Праўда, пры гэтым зарабіць такім спосабам трэба не менш за 70 базавых велічынь (цяпер гэта 12,6 мільёна рублёў) за год. Вызваляць ад падатку адвакатаў і натарыусаў. Тыя, хто займаецца творчай дзейнасцю (напрыклад, піша вершы або кнігі), не будуць плаціць падатак, толькі калі знаходзяцца ў творчых саюзах.

Жыхары вёскі

Не плаціць збор могуць і тыя, хто займаецца аграэкатурызмам і плаціць падатак з гэтай дзейнасці. Факт заняткаў такой дзейнасцю павінен пацвердзіць мясцовы выканкам.

А вось працаздольныя гараджане, якія жывуць толькі ураджаем з дачы, будуць лічыцца дармаедамі.

Не працаваць і не плаціць падатак, займаючыся сельскай гаспадаркай, змогуць тыя, хто зарэгістраваны ў сельскім населеным пункце або пасёлку гарадскога тыпу і мае ўчастак для вядзення сельскай гаспадаркі. Пры гэтым факт вядзення сельскай гаспадаркі павінен быць пацверджаны сельскім саветам.

Іпэшнікі і рамеснікі

Проста рэгістрацыі ІП для вызвалення ад збору «на дармаедства» недастаткова. Для гэтага трэба весці дзейнасць і плаціць падаткі. Тое ж самае тычыцца і рамеснікаў.

Беспрацоўныя і ўладальнікі кватэр

Пазбегнуць выплаты падатку ў большасці выпадкаў для доўгі час тым, хто не працаваў, дапаможа толькі рэгістрацыя ў цэнтры занятасці. Таксама беспакарана не хадзіць на працу больш за паўгода змогуць тыя, хто ўжо паспеў выплаціць у выглядзе падаходнага падатку (або адзінага падатку, або падатку па спрошчанай сістэме) на працягу падатковага перыяду гэтыя самыя 20 базавых велічынь. Па сутнасці, казна атрымала з вас адкладзены збор «на дармаедства». Атрымліваецца, што дармаедамі не лічацца тыя, хто, напрыклад, здае кватэры па дамове, плаціць з гэтага падатак не менш 3,6 мільёна рублёў, але пры гэтым нідзе не працуе.

Правапарушальнікі і вінаватыя ў злачынствах

Як сказана ў пункце 7 Дэкрэта, яго дзеянне не распаўсюджваецца на грамадзян, якія больш за 183 дзён адбывалі пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, а таксама знаходзіліся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, ўтрымліваліся пад вартай або хатнім арыштам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?