2 красавіка міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч паведаміў журналістам, што на свабоду выйшаў былы намеснік міністра Яўген Полудзень.
«Наша Ніва» пацікавілася, чым цяпер займаецца былы высокі міліцыянер.
«Ён цяпер у гародзе працуе», — адказаў на тэлефанаванне сын Полудня, калі папрасілі паклікаць тату. Ён мае прыватны дом у Мінску. Давялося ператэлефанаваць. Але былы чыноўнік не захацеў размаўляць: «Ніякіх нікому каментароў. Усё, дзякуй, да пабачэння».
Яўген Полудзень быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) і ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча). Яго таксама вінавацілі ў атрыманні хабару, але па гэтым пункце апраўдалі.
Яго адправілі за краты на 3,5 года.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Таму не паведамлялася, на чым канкрэтна пагарэў высокі начальнік. Толькі старшыня Следчага камітэта асцярожна заявіў падчас расследавання, што справа тычылася перавышэння службовых паўнамоцтваў, за што намеснік міністра атрымліваў узнагароджанне.
Арыштавалі Яўгена Полудня 8 снежня 2011 года. І выйсці ён мусіў у чэрвені 2015. Знайшлася падстава для датэрміновага вызвалення.
Полудня пазбавілі звання палкоўнік міліцыі. Яму забаронена на працягу пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, і цягам чатырох гадоў — з ажыццяўленнем функцый прадстаўніка ўлады.
53-гадовы Яўген Полудзень нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці. Дайшоў да пасады намеснікам кіраўніка МУС — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі (2009—2011).





