Малады беларускі брэнд «Zibra», якому неўзабаве cпоўніцца год, ствараюць дызайнеркі Аляксандра Жук і Дарына Вадап’янава. Яны сёлета заканчваюць Інстытут сучасных ведаў. Сярод дасягненняў у моднай сферы Аляксандры — прызавыя месцы на фестывалі-конкурсе «Млын моды» 2013, 2014. Разам маладыя праектанткі вырашылі спалучыць сяброўства і прафесійную дзейнасць ва ўласным брэндзе.
Вета Берман: Распавядзіце пра ваш брэнд, як ён паўстаў?
Дарына Вадап’янава: Назва паўстала самаадвольна, але яна не мае нічога агульнага з зебрай. Хутчэй з кантрастам паміж чорным і белым: мы вельмі розныя, у нас розныя характары і мы вырашылі спалучыць нашую розніцу ў адным слове.
Аляксандра Жук: Канцэпцыя нашага брэнду ў тым, што мы робім простыя рэчы, падаецца, што класіку, але таксама спалучаем яе са спартыўным стылем. Мы спрабуем розныя стылі міксаваць.
Чаму вы вырашылі стварыць свой брэнд, а не ўліцца ў нейкі вялікі праект?
АЖ: Можа дзесьці і ёсць вялікія творчыя праекты, але беларускі рынак не такі багаты на вакансіі дызайнераў… Фірмы нашыя арыентаваныя на сталае пакаленне і наша творчасць нікому асабліва не трэба. Мы ж пайшлі вучыцца на дызайнераў не проста так, нам хацелася самарэалізоўвацца.
ДВ: Стварыць свой уласны брэнд нам падалося найлепшым рашэннем.
Вопратка брэнда»Zibra»
ВБ: Хто набывае ў вас рэчы?
АЖ: Гэта моладзь — ад 16 да 30.
ДВ: Недзе 20—25 гадовыя людзі.
АЖ: Але мая маці, напрыклад, носіць нашае паліто. Хоча сукенку абавязкова. З кожнай калекцыі яна знаходзіць нейкую рэч для сябе. Мы насамрэч не ставім канкрэтных рамак.
А як вас знаходзяць?
ДВ: Мы пакуль рэдка выстаўляемся, таму перадусім праз інтэрнэт.
АЖ: Але таксама ўжо з’яўляемся на фэшн-маркетах, але і інтэрнэт мы спрабуем вельмі актыўна выкарыстоўваць, бо з’яўленне на фэшн-маркеце вымагае вельмі вялікага высілку.
Якая канцэпцыя ў «Zibra» — апрануць модных мінчукоў ці ўвогуле беларусаў, а можа замежнікаў?
ДВ: Мы апранаем усіх, хто ў нас хоча апранацца.
АЖ: Да нас прыязджалі з Польшчы, з Масквы. Нават у Стакгольм нашая жылетка з’ехала. Мы спрабуем яе распаўсюджваць і ў іншыя краіны, каб людзі ведалі, што ў Беларусі таксама ёсць цікавыя дызайнеры.
Што такое стыль у вашым разуменні (маю на ўвазе канцэпцыя стылю «Zibra»)?
ДВ: Нам падабаецца мінімалізм.
АЖ: Мы арыентуемся пакуль больш на паўсядзённую вопратку. Таму гэта нешта простае і неавангарднае.
Мы і традыцыі спрабуем пакідаць у сваіх калекцыях. Класіка таксама ёсць. Мы на пачатку прафесійнага шляху. А можа і заўжды будзем сябе шукаць (смяюцца)
Давайце пагаворым пра «кухню» моды. Што вас натхняе на стварэнне калекцыі?
АЖ: Мы натхняемся светам, падарожжамі, людзьмі.
ДВ: Нас натхняюць людзі, стылі.
АЖ: У зімовай калекцыі былі, напрыклад, выцінанкі, непасрэдна на рэчах з’явіўся таксама козлік — гэта была асноўная тэма зімы. Нашая першая калекцыя была прысвечаная спартыўнаму стылю і фотасесія таксама падтрымала гэтую канцэпцыю (фотасесія праходзіла на тэнісным корце). Восень у нас была простая, нейкай канкрэтнай канцэпцыі і не было, але нам хацелася пабавіцца колерамі.
ДВ: Мы пакуль шмат эксперыментуем і спалучаем.
Дзе і ўвогуле ці вы робіце паказы сваіх калекцыяў?
ДВ: Мы б хацелі паказваць сваей калекцыі на нейкай беларускай платформе…
АЖ: Я раней выстаўлялася на «Млын моды». Але канкрэтна «Zibra» мы пакуль не выстаўлялі.
Мы планавалі паказ у гэтым сезоне. Было вельмі шмат ідэяў, але мы шмат працуем над калекцыяй, вучымся, кліенты таксама з’яўляюцца - усё вельмі хутка. Мы прыдумляем калекцыю, шыем – і яна, фактычна, адразу і прадаецца. Але ў нас ёсць планы рабіць у будучым паказы.
А ўвогуле, дзе беларускія маладыя дызайнеры перасякаюцца?
ДВ: Звычайна на мерапрыемствах, пра якія ведаюць усе модныя людзі.
АЖ: Калі казаць пра вялікія падзеі, то гэта Тыдні моды.
ДВ: Або фэшн-маркеты.
АЖ: Калі казаць пра буднія дні, то ў Мінску ёсць шмат кавярняў і бараў, якія накіраваныя на такіх людзей.
ДВ: Але акрамя сталіцы, такіх месцаў у Беларусі недастаткова.
Ці вы заўважылі нешта густоўнае ад беларускіх праектантаў, што магло б быць культавым сярод моладзі?
АЖ: Культавыя рэчы робяць нашыя знаёмыя дызайнеры: «Важны Гусь», «Ruslo», «Кут» - яны ствараюць вельмі папулырныя байкі і кашулькі з беларускімі матывамі.
ДВ: Гэта кажучы пра стрыт-вопратку. А калі казаць пра дызайнераў, якія робяць рэчы для старэйшага пакалення, то можна казаць пра сумкі Макса Міронава.
Тканіны. Ці ў Беларусі хапае якасных тканінаў?
ДВ: (смяеца) і так і не.
АЖ: Нам як дызайнерам хочацца і паболей. 50 мінімум працэнтаў поспеху калекцыі – гэта тканіны. Мы актыўна набываем беларускія таканіны. Нашыя калекцыі зробленыя з беларускіх тканінаў, якія набылі ў РБ.
Перспектывы, ці яны ёсць у Беларусі? Ці лёгка ў Мінску развіваць свой брэнд?
АЖ: У нас вялікія ідэі-мары, каб развіваць наш брэнд і далей і больш глабальна. Мы хацелі б больш прафесійна гэтым займацца. Мода — гэта вялікі механізм, у якога ёсць свае правілы. У любога дома моды ёсць свая структура, мы б хацелі прадавацца не толькі ў Беларусі - мы б хацелі пашырацца.
Мы б таксама хацелі пачаць ствараць мужчынскі дызайн. Моды мужчынскай не хапае. Я, пэўна, ведаю двух-трох дызайнераў, якія займаюцца мужчынскай модай. І мы б хацелі гэтым таксама займацца. Ідэяў хапае. Вялікая праблема – гэта бюджэт.
Што такое мода ў сучасным свеце?
АЖ: Раней я была схільная думаць пра моду як пра тэндэнцыі, але зараз, як шматлікія дызайнеры, схіляюся да таго, што кожны чалавек індывідуальны. Мы па такім прынцыпе працуем з нашымі кліентамі – мы шыем пад параметры кліента вельмі часта.
Тэндэнцыі ў модзе, мне падаецца, у сённяшнім свеце ўжо менш актуальныя, бо трэба спрабаваць апранацца ў тое, што пасуе. Камусьці пасуе канкрэтны колер. Мне падабаюцца людзі, якія любяць нейкія канкрэтныя маркі.
ДВ: Лакальны дызайн больш зразумелы для людзей, чым тэндэнцыі. Трэба сачыць за модным светам, але памятаць для каго ты шыеш вопратку.





