AFP
Паказанні другой «чорнай скрыні» самалёта Germanwings A320, які разбіўся ў французскіх Альпах, пацвердзілі, што другі пілот Андрэас Любіц наўмысна разбіў самалёт. Пра гэта са спасылкай на следчых паведамляе AFP.
«Лётчык, які знаходзіцца ў кабіне, з дапамогай аўтапілота зніжае самалёт да вышыні ў 100 футаў (30 метраў) і пасля гэтага пераналаджвае аўтапілот так, каб павялічыць хуткасць зніжэння лайнера», — гаворыцца ў дакладзе BEA.
Другі бартавы самапісец Airbus A320 быў знойдзены на месцы крушэння самалёта напярэдадні. Пракурор Марсэля Брыс Рабэн заявіў у чацвер, што стан «чорнай скрыні» «дае надзею» на тое, што дадзеныя з прылады будуць расшыфраваныя.
Згодна з расшыфроўкай першага самапісца, незадоўга да аварыі камандзір экіпажа пакінуў кабіну, пасля чаго Любіц змяніў код на дзвярах і не пускаў пілота назад. Камандзір ў апошнія хвіліны жыцця маліў адкрыць «праклятыя дзверы» і спрабаваў узламаць іх сякерай.
Пасажырскі самалёт Airbus А320 нямецкай авіякампаніі Germanwings, які ляцеў з Іспаніі ў Германію, пацярпеў крушэнне ў цяжкадаступным горным раёне на поўдні Францыі 24 сакавіка. На яго борце знаходзіліся 144 пасажыры і шэсць членаў экіпажа.
Напярэдадні таксама стала вядома, што ў Любіца былі праблемы са зрокам, аднак ён хаваў ад дактароў, што працягвае лётаць.





