Як паведаміла ў сваім фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова, «Следчым камітэтам распачата крымінальная справа ў дачыненні да беларускага бізнесмена у сферы IT-тэхналогій і нерухомасці».
Устаноўлена, што бізнэсмэн, дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы продажу IT-тэхналогій без адпаведнай дзяржаўнай рэгістрацыі як суб'екта гаспадарання. У выніку незаконнай дзейнасці ім быў атрыманы прыбытак у памеры 650 тыс. даляраў.
Прадпрымальніку прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, учыненая арганізаванай групай, з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры). Бізнэсмен змешчаны пад варту.
***
У 2006 годзе ІТ-прадпрымальнік заснаваў кампанію, якая займалася распрацоўкай мабільных дадаткаў. За некалькі гадоў кампанія паспела дасягнуць высокіх вынікаў.
Так, дадатак, распрацаваны кампаніяй, у ліпені 2010 года стаў лідарам катэгорыі Healthcare & Fitness версіі Apple больш чым у 40 краінах. У ЗША і больш чым 29 іншых краінах прадукты кампаніі ўвайшлі ў топ-50 усіх дадаткаў і гульняў для мабільных прыладаў.
У 2011 годзе кампанію прадалі ізраільскаму мільярдэру Тэдзі Сагі. На атрыманыя грошы ў 2012 годзе бізнэсмэн зарэгістраваў кіравальную кампанію інвестыцыйнага фонду. Акрамя таго, затрыманы бізнэсмен уклаўся ў дэвелаперскі бізнэс, набыўшы аб'екты камерцыйнай нерухомасці ў цэнтры Мінска.
Бізнес-супольнасць занепакоеная затрыманнем кіраўніка аднаго з самых паспяховых ІТ-прадпрыемстваў Беларусі.
Калегі звяртаюць увагу на тое, што затрыманне вядомага на сусветным рынку ІТ-паслуг бізнэсмэна можа негатыўна адбіцца на іміджы краіны і пацягне адток інвестыцый і кадраў.
«Патэнцыйны негатыўны інфармацыйны эфект, выкліканы затрыманнем вядомага ІT-бізнэсмэна, у значнай меры здольны нівеляваць прынятыя дзяржавай намаганні па фарміраванні ўстойлівага станоўчага інвестыцыйнага клімату», — упэўнены СЕО фінансавага стартапа Раман Громаў.
Паводле яго слоў, за апошнія 2 гады па запрашэнні і рэкамендацыі вядомага прадпрымальніка Беларусь наведала каля 30 топ-менеджараў найбуйнейшых сусветных фінансавых і ІТ-кампаній (CityBank, Morgan Stanley, Nomura, iCAP, UBS, IG, PlayTech, Paddy Power). У ходзе сустрэч з кіраўнікамі кампаній выключная ўвага надавалася раскрыццю інвестыцыйнага патэнцыялу Беларусі, наша краін характарызавалася як «ідэальная з пункту гледжання вядзення міжнароднага бізнэсу, з прагрэсіўнымі падыходамі ў заканадаўчай і правапрымяняльнай сферы, поспех, у рэалізацыі канструктыўных фіскальных рэформ і фарміраванні ўнікальнага, з пункту гледжання інвестара, бізнес-асяроддзя».





