Канечны пасля падзення. Фота: CEN
Нападнік аргенцінскага клуба «Сан-Ларэнса» і юнацкай зборнай Аргенціны Томас Канечны выпаў з вакна падчас гульні на кансолі, паведамляе The Daily Mirror.
Канечны сядзеў на вакне і гуляў на прыстаўцы ў футбольны сімулятар FIFA. Раптоўна вакно, на якое ён абаперся, адчынілася — футбаліст паляцеў уніз.
Футбаліст адзначаў сваё 17-годдзе з сябрамі ў гатэлі ў Парагваі. Нумар размяшчаўся на першым паверсе — футбаліст пазбегнуў сур’ёзных траўмаў.
«Мне пашчасціла, усяго некалькі драпін. Галоўнае, што не прапусціў вечарыну», — кажа ён.
На самой справе, было відаць, што футбалісту балюча, распавядае супрацоўнік гатэля Фабіян Пуэнтэ, які аказаў Канечнаму першую дапамогу. Паводле яго слоў, футбаліст выкруціў шчыкалаткі, атрымаў заўважныя парэзы і сінякі.
Траўмы не пашкодзяць Канечнаму ўзяць удзел у Чэмпіянаце свету сярод юніёраў, што пройдзе ў кастрычніку ў Чылі. У адборачных гульнях перад падзеннем Канечны забіў Уругваю, Балівіі, Чылі і двойчы Парагваю.





