фота Ірыны Арахоўскай
Католікі і пратэстанты ва ўсім свеце, і Беларусі, 5 красавіка святкуюць Вялікдзень — свята ў памяць пра ўваскрасенне Хрыста. Праваслаўныя адзначаюць сёння Вербніцу.
На Вялікдзень людзі вітаюцца адзін з адным, кажучы: «Хрыстос уваскрос!» І адказваюць на тое: «Сапраўды ўваскрос!»
У праваслаўнай царкве 5 красавіка таксама вялікае свята — Вербніца.
Гэтае свята ўстаноўленае ў памяць уваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім. Напярэдадні гэтага, Ісус здзейсніў цуд уваскрасення Лазара. Вестка пра гэта разнеслася шырока, і свет народу вітаў яго як цара пальмовымі галінкамі.
У Беларусі на гэтае свята асвячаюць вербныя галінкі — яны сімвалізуюць тыя пальмовыя, якімі сустракалі Хрыста.
Вялікдзень праваслаўныя будуць святкаваць праз тыдзень, 12 красавіка.
Чаму такая розніца паміж Вялікаднямі? Бо Вялікдзень, згодна з традыцыяй, святкуецца ў першую нядзелю пасля вясновай поўні. Каталіцкая і пратэстанцкая грамады жывуць паводле грыгарыянскага календара, таму Вялікдзень прыпадае на перыяд часу паміж 23 сакавіка і 20 красавіка, а шэраг праваслаўных цэркваў трымаюцца юліянскага календара, таму Вялікдзень адзначаецца паміж 8 красавіка і 5 мая.
Год таму Вялікдзень у праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў быў супольным — 20 красавіка.
У 2016 г. розніца складзе больш за месяц: 27 сакавіка і 1 мая, а 2017 г. зноў будзем святкаваць разам — 16 красавіка.





