У Беларусі скасавалі забарону на рост рознічных цэн на тавары ў параўнанні з цэнамі, якія дзейнічалі на 18 снежня 2014 года.

Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №250 ад 31 сакавіка, якім унесены змены ў пастанову №1207 ад 19 снежня 2014 года «Аб некаторых пытаннях спажывецкага рынку». Дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Акрамя таго, пастанова загадвае міністэрствам гандлю, сувязі і інфарматызацыі, Беларускаму рэспубліканскаму саюзу спажывецкіх таварыстваў, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму забяспечыць наяўнасць шырокага асартыменту спажывецкіх тавараў у гандлёвых аб'ектах, у тым ліку інтэрнэт-крамах.

Адказнасць за насычэнне спажывецкага рынку нехарчовымі таварамі айчыннай вытворчасці ўскладзеная на намеснікаў прэм'ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна і Уладзіміра Сямашку ў адпаведнасці з размеркаваннем абавязкаў, харчовымі таварамі айчыннай вытворчасці — на віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага, за стабільнасць цэн і забеспячэнне шырокага асартыменту тавараў у рознічнай гандлёвай сетцы — на першага намесніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага.

Пастанова №250 уступае ў сілу з дня яе прыняцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?