Я еду дадому, душы засталася палова,
Амаль што нямко — на чужыне язык скамянеў.
Я еду дадому, дзе родныя цёплыя словы
Сябрамі старымі цярпліва чакаюць мяне.
Чакаюць патэльня, відэлец, падлога, фіранка,
І клямка, і столя, шуфлядка, масніца, дыван,
Чакаюць сурвэтка, кутасік, завала і брамка,
І веснічкі з імі, і сцежка, кілім і паркан.
Вялізарным слоўнікам поўніцца родная хата,
Чакаюць стракаты, прыгожы і нават сівы,
Чырвоны, блакітны і бэзавы, шэры, пухнаты —
Як лепшыя лекі для сумнай маёй галавы.
Абдымуць прыслоўе мяне і маленькі займеннік,
Назоўнік прылашчыцца, сцісне руку дзеяслоў.
З паловай душы ад чужой нематы і здранцвення
Я еду па словы, па родную мову – дамоў.
3.04.15.





