Адно з галоўных пытанняў, якое з'явілася пасля прыняцця Дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», звязаны з тым, як менавіта ўлады будуць выяўляць «дармаедаў». У Міністэрстве па падатках і зборах FINANCE.TUT.BY растлумачылі, што для гэтага створаць спецыяльную базу дадзеных, з якой можна даведацца, хто працуе, а хто — не.

«Хадзіць па дварах і кватэрах, каб выяўляць непрацуючых грамадзян, ніхто не будзе, — кажа начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька. — Прапісана, што на працягу трох месяцаў Саўмін павінен вызначыць парадак узаемадзеяння дзяржаўных органаў і арганізацый у мэтах рэалiзацыi гэтага дэкрэта».

Міхаіл Расолька нагадаў, што фізічная асоба сама можа прыйсці ў падатковы орган з 1 жніўня па 31 мая і заявіць аб тым, што яна не ўдзельнічала ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. За гэта грамадзянін атрымае зніжку па выплаце збору «за дармаедства» у памеры 10%. Гэта значыць выплаціць у бюджэт трэба будзе не 20 базавых велічынь, а 18 (не 3,6 млн рублёў, а 3 240 000 рублёў). Тэрмін выплаты збору — не пазней за 1 ліпеня 2016 года.

Тых, хто не захоча добраахвотна прызнацца ў «дармаедстве», будуць выяўляць «не ўручную, а аўтаматычна». Як распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб, плануецца распрацаваць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, дзякуючы якому з'явіцца база дадзеных аб працуючых і непрацуючых.

«Напрыклад, ВНУ пададуць звесткі пра студэнтаў дзённай формы навучання, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва — аб плацельшчыках узносаў і атрымальніках пенсій і дапамог, арганізацыі — пра сваіх работнікаў і гэтак далей, — кажа Міхаіл Расолька. — У выніку метадам выключэння мы атрымаем дадзеныя аб тых, хто не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Вось гэтыя грамадзяне і атрымаюць паведамленні на выплату збору». Нагадаем, разлічыцца з казной за «дармаедства» ў 2015 годзе ў гэтым выпадку трэба будзе да 15 лістапада 2016 года.

Атрымліваецца, што можна будзе ўвесці ў базу дадзеных прозвішча грамадзяніна і адразу даведацца, «дармаед» ён ці не. Сфарміраваны такі рэестр будзе да канца года. Гэта значыць, першыя паведамленні на выплату новага падатку беларусы атрымаюць не раней студзеня 2016 года.

Як сказана ў дэкрэце, «збор, апрацоўка, захоўванне, выкарыстанне персанальных дадзеных грамадзян ажыццяўляецца без іх пісьмовай згоды з захаваннем патрабаванняў, вызначаных заканадаўчымі актамі па абароне інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана».

Акрамя таго, як удакладніў Міхаіл Расолька, калі высветліцца, што ў непрацуючых грамадзян выдаткі перавышаюць даходы, ім прыйдзецца на працягу 30 дзён прадставіць у падатковую тлумачэнні пра крыніцы прыбытку. «Напрыклад, чалавек працаваў адзін дзень у годзе, але купіў аўтамабіль за 100 тысяч даляраў», — патлумачыў прадстаўнік МПЗ. Калі тлумачэнні не будуць прадастаўлены, грамадзяніну налічаць яшчэ і падаходны падатак.

Пасля атрымання паведамлення на выплату «падатку на дармаедства» ў грамадзян будзе 30 дзён для таго, каб даказаць свой удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Напрыклад, калі грамадзянін не знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дзён, яму трэба будзе прадаставіць доказы: адзнакі ў пашпарце аб рэгістрацыі ў іншай дзяржаве, дамову з замежным працадаўцам, адзнакі аб выездзе-ўездзе, дагавор аб арэндзе кватэры ў іншай краіне і гэтак далей. Такім чынам, калі грамадзянін працаваў на тэрыторыі Расіі нелегальна і без рэгістрацыі, то ў Беларусі ён будзе лічыцца «дармаедам» і яму прад'явяць да выплаты збор.

Нагадаем, за нявыплату збору «за дармаедства» прадугледжаны штраф ад двух да чатырох базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0