Вялікі пост

Пятніца.
Пост.
Бацька пайшоў назаўсёды.
Саступіў мне чаргу
каля вечнасьці.

На Галгофе

Спачатку былі габрэі.
А потым – усе іншыя.
Прынамсі, між нас –
хрысьціян рознаскурых,
што тоўпяцца тут
дзень пры дні
праз стагодзьдзі
ў спадзеве
вымаліць права
кожны сабе
на покліч пачуты:
«Хрысьце – мой Божа!..»

Грэх

Пабітым сабачкам
стаю
ля Твайго
парога.
Літасьць
Твая
бязьмежная.
Неабсяжны
мой грэх.

Дзень блакітных бацькоўскіх вачэй

Так не бывае.
Але так адбылося.
Я ня ведаю,
чым гэты дзень адметны
паводле грыгарыянскага,
юльянскага,
ці якога ўсходняга календара.
У мяне, як высьветлілася,
свае пачаткі ліку.
22 лютага 2006 году
апошні раз я бачыла
маміны жывыя
блакітныя вочы.
Праз дзевяць гадоў
усё паўтарылася з бацькам
дакладна ў гэты дзень.
Вось так і зьявілася дата,
якую, пэўна, назаву
Дзень блакітных бацькоўскіх вачэй.

Запозьненая

Заўчасна
нараджаецца ўнучка,
заўчасна
памірае бацька,
заўчасна
старэе муж.
Толькі я
запозьненая
тут, у незнаёмым сквэры
з мроямі маладымі
і пляшкай старога віна.

Стары новы год

Доўгімі
«крывымі вечарамі»
пакутую
за грахі «піліпаўкі».
Новыя правіны.
Старая споведзь.
Асалода наўвеце.

Шчасьце

Споведзь.
Пост.
Пакаяньне.
Малітва.
Спакой.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру