Спелеолагі — тыя нямногія, хто яшчэ мае магчымасць трапіць туды, дзе ніколі не ступала нага чалавека. Рамантыка калодзежаў і звілістых хадоў падземнага свету не абмінула і нашых суайчыннікаў, а ў ролі трэніровачнай базы ва ўмовах Беларусі выступаюць хвоі і бярозы.
«І калі ў лесе расцвітаюць пралескі, весела заліваюцца птушкі і распускаюцца першыя пупышкі — значыць, нарэшце прыйшла пара выйсці з зімовай бярлогі і ўдыхнуць свежы вясновы вецер», — пішуць арганізатары спаборніцтваў.
Традыцыйна ў першыя выходныя красавіка адзіны ў Беларусі спелеаклуб «Геліктыт-ТМ» збірае старых сяброў і новых знаёмых для чарговага пасвячэння ў «бярозавыя спелеолагі».
У першы дзень удзельнікаў чакалі вяровачныя этапы проста над галовамі гледачоў, пераадоленне штучна створаных вузкасцяў, зняцце пацярпелага з завісання. А ўвечары ўсіх тых, што сабраліся на Паляне спелеолагаў парадавалі фірмовая юшка, легенды пра горы і пячорную рамантыку, песні ля вогнішча.