Федэральнае аб'яднанне нямецкай прамысловасці (BDI) раіць сваім сябрам абмежаваць супрацоўніцтва з Расеяй і Кітаем.

Пра гэта гаворыцца ў закрытым лісце старшыні арганізацыі Ульрыха Грыла ад 4 красавіка, разасланага яго членам. Копію гэтага ліста размясціла выданне «Die Welt».

У лісце кіраўніка найбуйнейшага аб'яднання бізнэсу Германіі ўказваецца, што намёкі на тое, што паводзіны Расеі можна зразумець і нават апраўдаць, «не спрыяюць вырашэнню канфлікту або аднаўленню мірнага ладу ў Еўропе».

Як лічыць старшыня BDI, бізнэс-аргументы павінны «саступіць» эканамічным санкцыям, якія з'яўляюцца адказам на парушэнне міжнароднага права. «Мы павінны зрабіць свой унёсак у стабілізацыю міжнароднага парадку», — цытуе выданне ліст Грыла.

Кіраўнік нямецкай бізнэс-асацыяцыі таксама заклікаў да стрыманасці ў сувязях з Кітаем. Ён з разуменнем ставіцца да прадпрымальнікаў, якіх дзівіць хуткасць працы кітайскага ўрада, аднак падкрэслівае: «Тыя, хто абараняе пяцігодкі і планавую эканоміку, павінны разумець, што гэта супярэчыць прынцыпам, на якіх пабудаваны наш свабодны рынак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0