Слуцкім раённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да мясцовага жыхара, 1987 года нараджэння, які абвінавачваецца ў махлярстве ў асабліва буйным памеры, паведамляе прэс-служба СК.

27-гадовы непрацуючы жыхар г.Слуцка, знаходзячыся ў неспрыяльным фінансавым становішчы, пад рознымі падставамі пазычаў у знаёмых вялікія сумы грашовых сродкаў, загадзя не маючы намеру выконваць свае абавязацельствы. У адных выпадках зламыснік прасіў грошай на куплю аўтамабіля, у іншых — ствараў уражанне сур'ёзнага чалавека, які займаецца арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў для замежных грамадзян. Штораз прыдумляў новую падставу ўзяць грошы ў доўг і прычыну іх не вяртаць, спасылаючыся на розныя цяжкасці.

Такім чынам, фігурант падмануў каля 25 чалавек, займаючы ў іх ад 100 да 5000 даляраў. Шмат каму пісаў распіску, у якой абяцаў вярнуць грошы з вялікімі адсоткамі.

Зараз па крымінальнай справе дапытваюцца сведкі, праводзяцца вочныя стаўкі, ажыццяўляецца вытворчасць экспертыз, у тым ліку почырказнаўчая.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваны па ч.4 арт.209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Следства не выключае, што ахвяраў махляра можа быць значна больш, таму просіць усіх, хто валодае інфармацыяй аб супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачанага, звярнуцца ў Слуцкі раённы аддзел Следчага камітэта па тэлефоне: 8 (01795) 5-24-38.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна