Беларускі праект Pet2You ёсць першай паўнавартаснай сацсеткай для жывёл і іх гаспадароў, распавядае TUT.BY.

Пакуль Pet2You разлічаная толькі на ўладальнікаў катоў і сабак, але з цягам часу зарэгістравацца змогуць і ўладальнікі іншых жывёл.

Праект нагадвае звычайныя сацсеткі для людзей — рэгіструюцца ў ёй, як ні дзіва, не жывёлы, а іх гаспадары.

У сацсетцы яны змогуць знайсці аднадумцаў і сяброў, распавесці пра сваіх гадаванцаў, адшукаць адказы на важныя пытанні ў энцыклапедыі, разлічыць рацыён жывёлы, а таксама прасачыць за жывёлай на мапе з дапамогай трэкеру у сервісе PetXNet.

Трэкер для адсочкі жывёлы будуць прапаноўваць па цане каля мільёна рублёў. Таксама сярод платных функцый сацсеткі абвесткі аб продажы жывёл ці пошуку партнёраў для жывёлы.

Другая новая беларуская сацсетка — праект былога футбаліста Юрася Юрчанкі «Краіна мараў». Пра яе распавядае «Радыё Свабода».

«Краіна мараў» — беларускамоўная сацсетка для паспяховых людзей. У ёй кожны чалавек можа паставіць сабе мэту і дзяліцца поспехамі на шляху да яе.

Таксама пры рэгістрацыі можна пазначыць узровень валодання мовай.

Юрчанка распрацоўвае сацсетку самастойна і без спонсараў.

***

Пэўны час Беларусь заставалася практычна без уласных сацсетак: у лістападзе 2014 года закрылася Vseti.by, 20 красавіка TUT.BY выдаліць усе сляды ўласнай сацсеткі «Я тут».

Самай папулярнай сацсеткай Беларусі ёсць расійская «УКантакце», багата беларусаў зарэгістраваныя на амерыканскіх Facebook, Twitter, Instagram ды расійскай «Аднакласнікі». Магчыма, дзве траціны беларускіх інтэрнаўтаў зарэгістраваныя на Google+, але самі пра тое не здагадваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?