Загадкавая трансляцыя Project CKP працягнецца прынамсі да 18:30 па мінскім часе, але адзін з яе вынікаў вядомы ўжо зараз: кампанія Squere Enix прэзентуе відэагульню Deus Ex: Mankind Divided, піша Kanobu.

Гульня распавядзе пра недалёкую будучыню, у якой чалавецтва будзе падзеленае на касты звычайных людзей і «дапоўненых» — кібаргаў.

Дзеянне Mankind Divided разгарнецца ў 2029 годзе, праз два гады пасля падзей Deus Ex: Human Revolution. Галоўны герой Адам Джэнсан далучыцца да спецпадраздзялення Task Force 29, што палюе на «дапоўненых» тэрарыстаў.

Падзеі папярэдняй часткі гульні прывялі да таго, што варожасць між кастамі перарасла ва ўзброены канфлікт. Але хутчэй за ўсё выбар гульца ў папярэдняй частцы не «перанясецца» ў новую частку.

Гульня выйдзе для PlayStation 4, Xbox One і персанальных камп’ютараў, дакладная дата выхаду стане вядомая пазней.

Усё гэта вядома з «уцечак» і інтэрв’ю, апублікаваных часопісам Game Informer. Афіцыйны анонс гульні запланаваны на 19:00 па мінскім часе — праз паўгадзіны пасля таго, як гледачы зробяць апошні выбар у інтэрактыўнай трансляцыі Project CKP.

***

Deus Ex — культавая серыя камп’ютарных гульняў. Першая гульня серыі выйшла ў 2000 годзе, многімі выданнямі яна была прызнаная «Гульнёй года». На момант выхаду яна была практычна ўнікальнай камбінацыяй «стралялкі», стэлс-экшэну і ролевай гульні.

У серыі выйшла яшчэ дзве гульні: Invisible War і Human Revolution, абедзве атрымалі высокія адзнакі ад крытыкаў і гульцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?