У Віцебску распачата крымінальная справа ў дачыненні да трох мужчын, якія падазраюцца ў выкраданні чалавека.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова, устаноўлена, што падазраваныя ўвайшлі ў злачынную змову, накіраваную на выкраданне 20-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка з мэтай атрымання ад яго $1000 штомесяц.
У канцы студзеня гэтага года падазраваныя, знаходзячыся ў пад'ездзе дома пацярпелага, дачакаліся апошняга, з прымяненнем фізічнай сілы надзелі наручнікі, прымусілі сесці ў аўтамабіль і адвезлі ў лясны масіў. Там прывязалі пацярпелага да фаркопа аўтамабіля і патрабавалі штомесяц перадаваць ім грошы. У выпадку нязгоды мужчыны пагражалі катаваннямі і фізічнай расправай.
Атрымаўшы вымушаную згоду на штомесячную перадачу грошай, падазраваныя адпусцілі пацярпелага. Той звярнуўся ў міліцыю.
У выніку комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, праведзеных супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, падазраваныя былі затрыманыя.
Віцебскім гарадскім аддзелам СК распачата справа ў дачыненні да трох жыхароў абласнога цэнтра, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 182 КК (выкраданне чалавека, учыненае групай асоб па папярэдняй змове).
Цяпер следчымі вывучаюцца ўсе абставіны здарэння, устанаўліваецца роля кожнага падазраванага ва ўчыненні злачынства, па крымінальнай справе праведзены допыты, вобыскі і вочныя стаўкі. Падазраваныя даюць паказанні.





