Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў заявіў аб выхадзе з апазіцыйных структур.

«Двухгадовыя перамовы беларускай апазіцыі па вылучэнні адзінага кандыдата і вызначэнні сумеснай праграмы на прэзідэнцкія выбары 2015 завяршыліся безвынікова», — гаворыцца ў заяве Някляева.

«У сувязі з гэтым заяўляю аб сваім выхадзе з апазіцыйных структур, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», актывістам якой я назаўжды ўдзячны за працу і падтрымку. Незалежнасць і дэмакратычная будучыня Беларусі застаюцца для мяне найважнейшай каштоўнасцю. Дзеля гэтага я буду працаваць і далей», — падкрэслівае палітык.

Аб выхадзе з апазіцыйнай кааліцыі (у яе ўваходзяць «Гавары праўду», Партыя БНФ, рух «За свабоду», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет») Уладзімір Някляеў заявіў 8 красавіка на пасяджэнні «сямёркі», дзе безвынікова абмяркоўвалася пытанне аб скліканні кангрэса дэмакратычных сіл і вылучэнні на ім адзінага кандыдата ў прэзідэнты.

Апазіцыйным сілам да гэтага часу не ўдалося дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата, а на сённяшнім пасяджэнні «сямёркі» не было дасягнута і пагадненне аб правядзенні кангрэса дэмсілаў.

7 красавіка рэспубліканская рада «Гавары праўду» прыняла рашэнне вылучаць кандыдатам у прэзідэнты актывістку кампаніі Таццяну Караткевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?