Установа адукацыі мае права сама выбіраць мову выкладання.

Пра гэта паведаміла сёння намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка на прэс-канферэнцыі наконт падрыхтоўкі да новага навучальнага года.

«Ёсць меркаванне, што гісторыя Беларусі павінна выкладацца толькі на беларускай мове. Але ёсць і прынцыпова іншая пазіцыя, што ўстанова адукацыі павінна вызначыцца, на якой мове вывучаць прадмет.

Калі мы сілавым метадам прымусім вывучаць нейкія прадметы на пэўнай мове, гэта будзе няправільным падыходам, бо ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы», — звярнула ўвагу Раіса Сідарэнка.

На думку намесніка міністра, калі гаворка ідзе аб пашырэнні сферы беларускай мовы, то справа не ў выкладанні таго ці іншага прадмета, а ў агульнай пазіцыі ўстановы адукацыі і педагагічнага калектыву.

«Выкладчыкаў гісторыі Беларусі, якія добра валодаюць нацыянальнай мовай, недастаткова. З вуснаў настаўніка не павінна гучаць непісьменная гаворка. Нядаўна ў Мінску праводзілі апытанне, колькі рускамоўных школ хочуць вывучаць гісторыю Беларусі на беларускай мове.

У мяне няма лічбаў, але працэнт такіх школ досыць вялікі.

Мы гатовыя адгукнуцца на жаданне бацькоў і вучняў, але гэта трэба рабіць карэктна, з павагай да носьбітаў мовы. Сілавога ўмяшання быць не павінна», — падкрэсліла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?