Арланда Джонс у ролі «вечнага камп’ютара» ў фільме «Машына часу»
Агенцтва DARPA пры мінабароны ЗША анансавала праект BRASS, у межах якога будзе распрацаваны камп’ютар, здольны прынамсі 100 год працаваць без удзелу чалавека і адаптавацца да новых тыпаў інфармацыі.
У межах праекту DARPA спадзяецца на прарыў у канструяванні праграмных комплексаў — камп’ютар збіраюцца навучыць самастойна адаптавацца да змен у рэсурсах і асяроддзях.
Цягам бліжэйшых чатырох год удзельнікі праекту сфармулююць патрабаванні да такога комплексу, які здолеў бы «выжыць» без чалавека. На рэалізацыю комплекса будзе затрачана 8-10 млн даляраў.
Сёння ў свеце функцыянуюць сістэмы, створаныя і 50 год таму — на іх працуюць заводы, электрастанцыі, вайсковая апаратура, камерцыйныя кампаніі. Мадэрнізацыя праграмнага забеспячэння і яго падтрымка абыходзяцца ў значныя сумы. Нягледзячы на цяжкасць задачы пабудовы «вечнага» камп’ютара, DARPA лічыць высілкі вартымі выніку.