Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, гэта здарылася 13 красавіка каля 16.20 на першым кіламетры аўтадарогі Р8 Лунінец — Пінск.
Кіроўца службовага аўтобуса «ПАЗ», 68-гадовы мужчына, які развозіў школьнікаў пасля заняткаў, паводле папярэдніх звестак, убачыў сабаку, які раптоўна выбег на праезную частку, і правёў экстранае тармажэнне. У выніку хлопчык, які знаходзіўся на заднім пасажырскім сядзенні, паваліўся ў салоне аўтобуса.
Кіроўца адвёз дзіця дадому ў вёску Вулька-Гарадзішчанская і перадаў бацькам. У шэсць вечара яны звярнуліся па медыцынскую дапамогу сыну ў Пінскую гарадскую бальніцу. У дзіцяці выявілі пералом правага сцягна. Хлопчыка шпіталізавалі ў траўматалагічнае аддзяленне.
У салоне аўтобуса знаходзілася яшчэ адна школьніца, якая не пацярпела. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка. «ПАЗ» не абсталяваны рамянямі бяспекі.
Як зазначыла Сахарчук, сёлета ў Брэсцкай вобласці гэта першы выпадак траўмавання пасажыра школьнага аўтобуса.