Беларуская дэлегацыя на гэтым тыдні адправіцца на вясновую сесію Міжнароднага валютнага фонду, каб абмеркаваць з крэдыторамі перспектывы супрацоўніцтва. Паводле інфармацыі БелаПАН, улады павязуць у Вашынгтон «дарожную карту», якая прадугледжвае структурнае рэфармаванне беларускай эканомікі. Прадугледжаныя меры ў выпадку рэалізацыі могуць істотна змяніць аблічча эканамічнай мадэлі Беларусі.

 

Шлях да рынкавай эканомікі: афіцыйная версія

Да веснавой сесіі фонду беларускія ўлады рыхтаваліся грунтоўна. Распрацоўкай пакета рэформаў, якія будуць абмяркоўвацца ў Вашынгтоне, эканамічныя ведамствы ўзмоцнена займаліся ў першым квартале 2015 года.

У выніку атрымалася «дарожная карта» па структурным рэфармаванні эканомікі. Дакумент мае рэальна комплексны характар, змяшчае дзясяткі пунктаў і ўключае меры, скіраваныя як на стварэнне эканамічных умоў для рэфармавання эканомікі, так і на самі рэформы.

Паводле інфармацыі БелаПАН, згодна з умовамі «дарожнай карты» Беларусь будзе прымаць меры па забеспячэнню макраэканамічнай стабільнасці, у тым ліку за кошт механізмаў жорсткай грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі.

Што тычыцца канкрэтных крокаў па рэфармаванні эканомікі, то ключавая ўвага ў «дарожнай карце» засяроджана на мерах па пераглядзе механізму фінансавання эканомікі. У прыватнасці, мяркуецца, што ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гг. будзе ўключаны мэтавы паказчык, які прадугледжвае паэтапнае скарачэнне аб'ёмаў дырэктыўнага крэдытавання эканомікі ў рамках фінансавання дзяржпраграм.

Дарэчы, па дадзеных Міжнароднага валютнага фонду, прыкладна палова крэдытнага партфеля беларускіх банкаў сёння прыпадае на крэдыты, якія выдаваліся ў рамках дзяржаўных праграм. Адпаведна, скарачэнне аб'ёму фінансавання дзяржпраграм азначае, што крэдыты будуць прадастаўляцца толькі на рынкавых умовах. А гэта зусім іншыя ўмовы для беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, якія звыкліся за многія гады да ільготным фінансавання.

У «дарожнай карце», якая будзе прадстаўлена Міжнароднаму валютнаму фонду, таксама прадугледжваецца, што ў Беларусі будзе ўзмоцненая сацыяльная падтрымка насельніцтва. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб павелічэнні памеру дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню мінімальнай заработнай платы.

Павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароны — цалкам лагічная мера, улічваючы планаванае паэтапнае скарачэнне аб'ёмаў фінансавання ў рамках дзяржпраграм. Адмова ад практыкі масавай выдачы ільготных крэдытаў прадпрыемствам ужо ў 2015 годзе прывяла да парушэння тэрмінаў выплаты заробкаў. Ці тое яшчэ будзе, калі ўрад працягне ўціскаць аб'ём рэсурсаў, што выдаткоўваюцца ў рамках дзяржпраграм.

Варта адзначыць, што «дарожная карта» па структурным рэфармаванні эканомікі таксама прадугледжвае меры па рэструктурызацыі буйных дзяржпрадпрыемстваў і прыватызацыі малых і сярэдніх арганізацый.

У выпадку рэструктурызацыі гаворка ідзе аб адчужэнні няпрофільных актываў, выключэнні малаэфектыўных кірункаў дзейнасці, аптымізацыі занятасці.

Увогуле, калі рэзюмаваць, то «дарожная карта» па структурным рэфармаванні эканомікі, якую ўлады маюць намер абмяркоўваць у Вашынгтоне з Міжнародным валютным фондам, скіраваная на павышэнне эфектыўнасці беларускіх прадпрыемстваў і шырокае ўкараненне механізмаў, уласцівых рынкавай эканоміцы.

 

Мяч на беларускім баку

Мяркуючы па афіцыйных заявах, падтрымку беларускім уладам у частцы падрыхтоўкі «дарожнай карты» аказвалі знешнія кансультанты.

«Мы вітаем узважаны і індывідуальны падыход да аналізу эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне і ўдзячныя Сусветнаму банка па дапамогу ў распрацоўцы «дарожных карт» для структурных рэформаў», — заяўляў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, сустракаючыся ў пачатку красавіка з прадстаўнікамі банка.

З улікам таго, што беларускія ўлады рыхтавалі праграму рэформаў сумесна з замежнымі кансультантамі, план дзеянняў па структурнаму рэфармаванні эканомікі атрымаўся комплексны.

На думку беларускіх эканамістаў, меры, пазначаныя вышэй, могуць быць падтрыманы Міжнародным валютным фондам і стаць асновай для перамоваў аб новай крэдытнай праграме.

«Мяч на баку беларускіх уладаў. Калі яны дакажуць крэдыторам, што гатовыя праводзіць рэформы, вялікіх праблем з заключэннем новай крэдытнай праграмы не будзе», — лічыць эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук.

На думку эксперта, улічваючы, што ў рамках мінулай крэдытнай праграмы з МВФ (у 2009—2010 гг.) значнага прагрэсу ў частцы структурнай перабудовы эканомікі дасягнута не было, фонд можа задаць выразныя параметры прадастаўлення фінансавых рэсурсаў і ў залежнасці ад выканання паказчыкаў прымаць рашэнне аб выдзяленні грошай.

«Стандартная працэдура фонду мае на ўвазе паэтапнае вылучэнне фінансавых рэсурсаў — траншамі. Гэтую практыку МВФ выкарыстоўвае рэгулярна, і ў дачыненні да Беларусі яна, безумоўна, будзе ўжытая», — канстатуе Зміцер Крук.

Аналітыкі фінансавага рынку адзначаюць, што Беларусь сёння мае моцную патрэбу ў крэдытных рэсурсах МВФ.

«У бягучым годзе ў Беларусі дастаткова высокая патрэба ў крэдытных рэсурсах. Неабходна выконваць замежныя дзяржаўныя абавязальніцтвы. Каб у штатным рэжыме пагашаць даўгі, новыя пазыкі неабходныя», — канстатуе фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Высокая патрэба ў пазыках, дадае ён, абумоўлена ў тым ліку тым, што недаўгавыя крыніцы пагашэння дзярждоўгу абмежаваныя.

Справа ў тым, што паступленні ад вывазных пошлін на нафтапрадукты ў бягучым годзе, паводле ацэнак Мінфіна, складуць прыкладна на 1 млрд даляраў менш запланаванага ўзроўню. З іншага боку, экспартная выручка Беларусі ў першыя месяцы 2015 знізілася на чвэрць, што паменшыла прапанову замежнай валюты на ўнутраным рынку і знізіла магчымасці для павелічэння золатавалютных рэзерваў.

На гэтым фоне новы крэдыт МВФ Беларусі вельмі б спатрэбіўся.

«Фонд прадастаўляе фінансавыя рэсурсы на выгадных умовах — пад нізкі працэнт. З іншага боку, крэдытная праграма з фондам — станоўчы сігнал для інвестараў, бо ўсе ўсведамляюць, што, прыцягваючы рэсурсы фонду, краіна бярэ на сябе шэраг абавязацельстваў па забеспячэнні макраэканамічнай стабільнасці», — канстатуе эканаміст Кацярына Барнукова.

На думку эксперта, сітуацыя апошніх гадоў у беларускай эканоміцы прымушае ўлады рухацца ў бок рэфармавання эканомікі.

«У 2009 годзе, калі пачыналася папярэдняя праграма з МВФ, улады ўспрымалі крызіс як часовую з'яву, звязаную з неспрыяльнымі працэсамі ў глабальнай эканоміцы. Сёння ва ўладаў існуе разуменне, што стагнацыя апошніх трох гадоў невыпадковая, і з гэтым нешта трэба рабіць», — лічыць Барнукова.

Іншая справа, дадае эканаміст, погляды МВФ і беларускіх уладаў на маштабы рэформаў могуць разыходзіцца. Таму, каб пераканацца ў тым, што рэформы будуць праводзіцца ў належным аб'ёме, фонд захоча атрымаць адпаведныя гарантыі беларускага кіраўніцтва, рэзюмавала Кацярына Барнукова.

У нядаўнім інтэрв'ю Bloomberg Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «мы цалкам гатовыя да рэформаў» і дадаў: «Тое, што ад нас патрабуе МВФ, гэта не навіна, гэта абсалютна правільна».

Каб словы не разыходзіліся са справамі, фонд напэўна будзе патрабаваць паставіць пад дакументамі аб рэфармаванні эканомікі подпісы вышэйшых службовых асобаў Беларусі і гербавую пячатку. І толькі потым, калі адказнасць за рэформы возьме ўся вертыкаль улады, фонд пачне выдаваць Беларусі грошы. Траншамі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?