Пакуль вы адпачываеце, нейроны працуюць. Фота: Kenny Moffitt

Навукоўцы са Стэнфардскага універсітэта, ЗША, апублікавалі ў часопісе Neuron аналіз «шуму» чалавечага мозгу.

Нават калі чалавек спіць, яго мозг працуе. Даследчыкі вызначылі, што ў сне мозг паводзіць сябе так жа, як калі спрабуе прыгадаць факты з біяграфіі свайго ўладальніка.

Тое, што раней лічылася бяссэнсоўным «шумам», што ўтвараецца ледзь не «па інэрцыі», аказалася пераборам нядаўніх успамінаў.

Даследчыкі назіралі за трыма хворымі на эпілепсію, у мозг якіх былі наўпрост уведзеныя электроды дзеля вызначэння нейронных кластараў, адказных за эпілептычныя прыпадкі. Спачатку людзей пыталі пра нейкія нядаўнія факты з іх жыцця (кшталту «што вы елі на сняданак»). Затым назіралі за актыўнасцю іх мозгу ў сне.

Як выявілі навукоўцы, у сне і ў час прыгадвання нядаўніх фактаў, актыўнасць мозгу была вельмі падобнай. Зусім іншая актыўнасць мела бы назірацца пры іншых актыўнасцях мозгу (напрыклад, пры адказе на пытанне «колькі будзе 49 падзяліць на 7»). Такім чынам, заключаюць навукоўцы, у сне ці пры адпачынку мозг «пракручвае» нядаўнія факты з жыцця чалавека.

У гэты час у мозгу працуе так званая дэфолтная сетка нейронаў (default mode network), якая «адключаецца» пры змене актыўнасці. Як ні дзіва, менавіта яна спажывае найбольш энергіі з усіх нейронных сістэм. Некаторыя навукоўцы звязваюць дэфолтную сетку з самаасэнсаваннем.

Застаецца невядомым, навошта дэфолтная сетка працуе, калі чалавек спіць. Магчыма, такім чынам аналізуецца папярэдні досвед чалавека і падтрымліваюцца ўзаемаадносіны між іншымі сеткамі, кажуць аўтары даследавання. Такім чынам мозг можа рыхтаваць сябе да будучых дзеянняў — выпрацоўваць тое, што мы называем інтуіцыяй.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру