Ініцыятыўным беларусам, якія ствараюць уласныя стартапы, пакуль не хапае досведу па прасоўванні сваіх распрацовак, заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў 14 красавіка на адкрыцці мінскага этапу Міжнароднага ўсерасійскага стартап-тура ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 

Паводле яго слоў, сёння ў сістэме беларускай адукацыі працуюць некалькі стартап-цэнтраў, тэхнапаркі, а на шматлікіх інавацыйных прадпрыемствах актыўна працуюць студэнты. «Мы праводзім дастатковую колькасць курсаў, семінараў, якія прысвечаныя стартапаўскаму руху, мы актыўна працуем з Паркам высокіх тэхналогій… У нас ёсць цікавыя праекты, мы праводзім уласныя конкурсы, і што радуе, універсітэты знаходзяць фінансаванне праектаў у прадстаўнікоў бізнесу», — адзначыў чыноўнік. 

Аднак пакуль у Беларусі «крыху не хапае агрэсіўнага досведу ў прасоўванні сваіх распрацовак» унутры краіны, лічыць Жураўкоў. Адсутнасць падобнага досведу прыводзіць да таго, што «многія студэнты гатовыя пераехаць у Расію, калі іх толькі заўважаць у «Сколкава». «Для нас гэта не вельмі добра. Мы б хацелі, каб у «Сколкава» адчулі, што можна стварыць добрыя прадпрыемствы тут [у Беларусі], што можна пакінуць тут фінансы, якія паслужаць узаемнаму развіццю», — сказаў міністр. 

У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт па знешніх камунікацыях і рэкламе фонду «Сколкава» Аляксандр Чарноў запэўніў Жураўкова, што фонд будзе вельмі рады, калі «беларускія стартапы па максімуме выкарыстаюць грошы, магчымасці, кантакты» і будуць развівацца ў Беларусі. 

Міністр адукацыі таксама падкрэсліў, што правядзенне ў Беларусі аднаго з этапаў стартап-тура з'яўляецца «вельмі важным і знакавым мерапрыемствам для сістэмы адукацыі», паколькі «адукацыя без навукі, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці сёння немагчымая». 

«Вельмі добра, што не толькі студэнты, але і школьнікі старэйшых класаў цяпер вельмі цікавяцца камерцыялізацыяй сваіх навуковых даследаванняў. У гэтым нічога дрэннага няма — яны хочуць быць разумнымі, распрацоўваць штосьці і атрымліваць за гэта годную ўзнагароду ў любым выглядзе», — сказаў Жураўкоў. 

Усерасійскі стартап-тур з'яўляецца маштабным праектам, які скіраваны на пошук перспектыўных інавацыйных праектаў і аказанне дапамогі маладым распрацоўшчыкам у сферы высокіх тэхналогій, якія жадаюць развівацца. Сёлета ён набыў статус міжнароднага, паколькі мерапрыемствы праходзяць не толькі ў Расіі, але і ў сумежных краінах — Беларусі і Казахстане. 

Форум арганізаваны фондам «Сколкава» пры садзеянні Федэральнага агенцтва па справах моладзі, Фонду спрыяння развіццю малых форм прадпрыемстваў у навукова-тэхнічнай сферы, дзяржкарпарацыі «Раснана» і іншых ведамстваў і аб'яднанняў. Арганізатарам мінскага этапу гэтага праекта, які праходзіць 14—15 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, выступіў Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях пры падтрымцы Мінскага гарадскога тэхнапарка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру