З пратэстам супраць дзеянняў праваахоўных органаў у дачыненні да заўзятяраў выступіў 14 красавіка футбольны клуб «Дынама» (Мінск).

11 красавіка ўладальнікі сезонных абанементаў катэгорыі Premium, у тым ліку сем'і з дзецьмі, накіроўваліся ў Гродна на матч першага тура чэмпіянату з «Нёманам» на спецыяльных аўтобусах. Выезд «быў азмрочаны неналежным стаўленнем да заўзятяраў «Дынама», паведамляе клуб.

Як гаворыцца ў заяве, па невядомай прычыне супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія суправаджалі заўзятяраў, не дазволілі аўтобусам спыняцца каля пунктаў прыдарожнага сэрвісу. Прыпынкаў было два — у лесе. «Аб нармальным харчаванні і гігіене ў такіх умовах гаворкі быць не магло. Як прызнаваліся многія заўзятяры: «Я выйшаў з дому ў 6.05 і нармальна паесці змог толькі ў 15:00, пасля матчу. Навошта я буду так здзекавацца са свайго арганізма? Я лепш больш ні на выезд не паеду, ні на футбол не пайду!» — адзначаюць у клубе.

Каля сектара, выдзеленага для заўзятяраў «Дынама» на стадыёне ЦСК «Нёман», не было пунктаў харчавання. «Пункты грамадскага харчавання (у дастатковай колькасці) былі літаральна за 10 метраў ад нашага сектара. 70 арганізаваных заўзятяраў «Дынама», якія прагаладаліся ў дарозе, маглі б зрабіць добрую выручку ў пункце продажу, калі б дазволілі заўзятярам прайсці гэтыя 10 метраў. Не дазволілі! Дарэчы, пункт 6.10.9. «Рэгламента чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе 2015 года» наўпрост патрабуе «забяспечыць для заўзятяраў каманды гасцей зону свабоднага перамяшчэння, непасрэдна сумежную з іх сектарам з абавязковай наяўнасцю ў ёй прыбіральняў і пунктаў грамадскага харчавання», — падкрэсліваецца ў заяве.

Калі ж пункт харчавання са знешняга боку турнікета быў усё ж разгорнуты, заўзятяраў «Дынама», якія ўжо прайшлі на сектар, да яго не выпускалі. Дапамаглі заўзятяры, якія прыбылі ў Гродна сваім ходам: перад тым як увайсці на сектар, яны куплялі ваду і ежу.

«Чыя злая воля пазбавіла нашых заўзятяраў элементарнага камфорту і паважлівага да сябе стаўлення? Права называцца людзьмі? Чым жа мы так правініліся і перад кім, што, прыкладаючы непараўнальныя ў нашым чэмпіянаце намаганні па папулярызацыі футбола, развіцці абанементнай праграмы, усяляк прыцягваючы заўзятяраў на трыбуны няхай і старычка-«Трактара», мы тым не менш аказваемся безабароннымі, калі правы нашых заўзятяраў парушаюцца самым беспардонным чынам?» — задае пытанне ФК «Дынама» (Мінск).

Клуб «заклікае ўпаўнаважаныя органы і структуры, адказныя за суправаджэнне заўзятяраў «Дынама» на матч у Гродна і за арганізацыю матчу «Нёман» — «Дынама» (Мінск) разабрацца ў інцыдэнце і прынесці прабачэнні заўзятярам», а таксама «даць гарантыі недапушчальнасці падобных інцыдэнтаў у будучыні».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру