Юлія Машынская жыве ў Неапалі на поўдні Італіі ўжо тры гады. Яна распавяла Край.бай  пра тое, як пазнаёмілася са сваім мужам, адкрыла для сябе новую прафесію і чаму ў гэтай краіне лягчэй рэалізавацца, чым у Беларусі.

Юлія Машынская (справа). Фота тут і далей са старонкі Юліі УКантакце

Юлія Машынская (справа). Фота тут і далей са старонкі Юліі УКантакце

Неапаль — трэці па велічыні горад Італіі пасля Мілана і Рыма з насельніцтвам у мільён чалавек. З гэтай краінай, радзімай акцёра Адрыяна Чэлентана, скрыпача-віртуоза Антоніа Вівальдзі і многіх сусветна вядомых мастакоў, дызайнераў і мадэльераў, звычайную дзяўчыну з беларускай глыбінкі звязвае праца і сям'я.

«З-за моўнага бар'ера я вырашыла, што больш ніколі сюды не прыеду!»

— Маё знаёмства з Італіяй пачалося яшчэ ў студэнцкія гады. Пасля школы паступіла ў ЕГУ на факультэт «Ахова культурнай спадчыны і турызм». Ва ўніверсітэце студэнтам прапаноўвалі папрацаваць летам за мяжой. Выезд быў у Грэцыю і Італію. Запрашалі нас на працу бармэнамі і на рэсепшн ў гатэлі. Я жыла ў Вілейцы і нідзе далей за Беларусь не была. Таму шанец з'ездзіць у Італію не прапусціла, — распавядае дзяўчына. — Працавала я бармэнам ў гасцінічным комплексе Country Club Castelfusano пад Рымам. Было цяжка, таму што я не ведала мовы. Даходзіла да таго, што італьянцы тлумачылі жэстамі, што ім падаць. У нейкі момант з-за моўнага бар'ера я нават вырашыла, што больш ніколі сюды не прыеду!

Аднак вярнулася ў гэтую краіну і, працягваючы працаваць бармэнам, вывучыла італьянскую і завяла новыя знаёмствы. Тады ж пазнаёмілася са сваім будучым мужам, карэнным неапальцам Фабрыцыо.

На апошнім курсе ЕГУ Юлія Машынская праходзіла практыку ў агенцтве па адукацыйным турызме ў Мінску, дзе знайшла праграму для студэнтаў на стажыроўку ў галіне гатэльнага бізнесу. Дзяўчына паспяхова прайшла конкурс на паўгадавую стажыроўку ў 4-зоркавым гатэлі Britannia International Hotel, размешчаным у цэнтры Лондана.

Увесь гэты час яна падтрымлівала цёплыя адносіны з будучым мужам.

Распісаліся маладыя ў Вілейцы, але жыць вырашылі ў Неапалі.

«На цырульні італьянцы гатовыя траціцца бясконца»

Па словах Юліі, у Італіі цэняць адукаваных людзей, таму знайсці працу было няпроста. Акрамя дыплома, звязанага з турызмам, у беларускі былі добрыя навыкі ў стварэнні прычосак. Але ў італьянскія цырульні дзяўчыну не бралі: лічылі, што чалавек з вышэйшай адукацыяй не можа мыць галовы кліентам, а стрыгчы без практыкі не давяралі.

Усе змяніў адзін выпадак, калі Юлія і яе муж Фабрыцыо адправіліся ў рэкламнае агенцтва:

— Унутры было вельмі горача. Я пачала збіраць валасы ў «шчупаковы хвост». Там жа быў уладальнік сеткі салонаў і цырульняў СHD SALON. Ён ацаніў маю прычоску і запрасіў на працу ў акадэмію цырульнікаў.

Па прызнанні Юліі, на цырульні італьянцы гатовыя траціцца бясконца: адзін паход у салон абыходзіцца ім у 19 еўра. Дарэчы, для многіх італьянцаў паняцце «мыць галаву дома» адсутнічае. Яны робяць гэта ў салонах два разы на тыдзень.

— Цяпер у модзе пляценне касічак. Такія прычоскі кліенты замаўляюць на асаблівыя святы: першае прычасце ў храме, вяселлі… Дарэчы, не ўсе добрыя італьянскія цырульнікі ўмеюць рабіць такія прычоскі. Некалькі разоў я праводзіла для іх майстар-класы, — прызнаецца дзяўчына.

Работы Юліі

Работы Юліі

«Здаровае харчаванне абыходзіцца на месяц у 150 еўра»

Італьянцы, па словах Юліі, вялікія патрыёты сваёй краіны. Яны любяць збірацца ўсёй сям'ёй за сталом і размаўляць на розныя тэмы.

Дарэчы, жэняцца яны толькі тады, калі абзаводзяцца ўласным жыллём. Пары могуць сустракацца гадамі і ўвесь гэты час жыць з бацькамі асобна адно ад аднаго. Таму даволі часта маладым ужо за 30 гадоў.

Па назіраннях беларускі, італьянцы вельмі эмацыйныя, жыццярадасныя і адкрытыя. Фінансы для іх не стаяць на першым месцы. У асноўным, грошы зарабляюць мужчыны. Жанчыны на поўдні Італіі часцей за ўсё не працуюць. Яны хатнія гаспадыні. Сярэдняя зарплата тут складае 1000 еўра, мінімальная пенсія — 400 еўра.

На 150 еўра ў месяц італьянцы дазваляюць сабе паўнавартаснае харчаванне, у якім абавязкова ёсць мяса, гародніна, садавіна і зеляніна. У Італіі, па словах вілейчанкі, таннае адзенне, але дарагая камуналка. У месяц за чатырохпакаёвую кватэру, у якой жывуць чатыры чалавекі, можна заплаціць 300 еўра. Таму тут прынята эканоміць.

— А як італьянцы ставяцца да эмігрантаў?

— У прынцыпе, прыязна, але эмігранты са славянскай знешнасцю зарабілі сабе дрэнную славу. Справа ў тым, што заможныя італьянцы наймаюць сядзелак з іншых краін для догляду за сваімі хворымі або пажылымі сваякамі. Тыя працуюць за невялікія грошы. Яны выклікаюць прыхільнасць старых да сябе і нават распісваюцца з імі, каб завалодаць нерухомасцю. Вось такую славу тут атрымалі ўкраінкі і полькі. Мне некалькі разоў даводзілася тлумачыць, што ў мяне ёсць праца і малады муж, — распавядае Юлія.

— Ці плануеш вярнуцца ў Беларусь?

— Майму мужу утульней ў Італіі, хоць Беларусь яму вельмі падабаецца. Калі ў нейкі момант ён вырашыцца пераехаць, я яго падтрымаю. А пакуль я не думаю вяртацца. Тут у мяне ёсць любімая справа. Думаю, у Беларусі я не змагу рэалізавацца, — разважае Юлія. — На мой погляд, у Італіі ў гэтым сэнсе няма межаў, магчыма рэалізаваць любую справу. У Беларусі, на жаль, усё па-іншаму. Не думаю, што дома я б змагла стаць добрым цырульнікам. Пакуль у гэтай галіне ў нас не хапае прафесіяналаў. Хоць беларусы вельмі здольныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?