Фотамадэль Ізабэль Каро з 13 год хварэла на нервовую анарэксію. Фота: sueddeutsche.com

Фотамадэль Ізабэль Каро з 13 год хварэла на нервовую анарэксію. Фота: sueddeutsche.com

Міжнародная група навукоўцаў апублікавала ў часопісе Cell Reports даследаванне гену ESRRA, адказнага за расстройствы прыёму ежы.

Адключэнне ці пашкоджанне ў мышэй гену, аналаг якога адказвае ў чалавека за расстройствы прыёму ежы, зрабіла з мышэй — асабліва самак — анарэксікаў.

Калі мышы з адключаным генам ESRRA былі галоднымі, яны прыкладалі значна менш высілкаў дзеля атрымання ежы, а таксама грэбавалі ежай з высокім утрыманнем тлушчоў.

Часцей за самцоў самкі мелі і іншыя сімптомы: ашалела вылізвалі поўсць і мелі праблемы з іншымі навакольнымі мышамі. У чалавека падобныя паводзіны называюцца абесіўна-кампульсіўным расстройствам.

Таксама навукоўцы прааналізавалі ўплыў адключэння гену на розныя ўчасткі галаўнога мозгу. Найбольшы ўплыў яно мела на прыфрантальную кару мозгу (гэта звязана з нежаданнем есці каларыйную ежу) і вочна-лобную кару мозгу (тут сувязь з неўрозамі).

Але навукоўцы адзначаюць, што адключэнне гена — толькі адзін з фактараў рызыкі.

На з’яўленне анарэксіі ці булеміі ў людзей хутчэй уплывае чалавечае грамадства — стандарты прыгажосці ці нездаровае харчаванне.

Далейшыя даследаванні гена могуць даць спосаб аднавіць яго дзейнасць ці нейтралізаваць эфект ад яго адключэння, а ў перспектыве — вынайсці генную тэрапію альбо лекі ад расстройстваў прыёму ежы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?