Чарговы Фэст экскурсаводаў пройдзе ў Беларусі 18-19 красавіка.

Калі паглядзець спіс экскурсій па Мінску — вочы разбягуцца. Спіс экскурсій па іншых гарадах таксама мае багата цікавага.

Арганізатары абяцаюць сакральныя, роварныя, дзіцячыя экскурсіі і нават экскурсіі-спектаклі і экскурсіі-квэсты — любыя, якія толькі можна ўявіць.

На якія экскурсіі схадзіць? Цяжкое пытанне. Нецікавых экскурсій не прадбачыцца. Але можна вылучыць некаторыя нетыповыя.

Спяшайцеся, на квэст у Траецкім прадмесці, экскурсію па метрапалітэне і трамвайныя экскурсіі запіс ужо завершаны — хутка могуць разабраць і іншыя!

Мінскія млыны: па слядах легендарнага Менеска

У навучальнай экскурсіі Яўгена Казанцава 18 красавіка з 14:00 можна даведацца пра легендарнага волата Менеска ды жыццё прамысловага Мінска ў XIX стагоддзі.

На зломе эпох: Мінск у 1905—1919 гг.

Пачатак XX ст. — неспакойны, але захапляльны час, пра які звычайны мінчук ведае не так і многа. Выправіць гэта пастараецца Андрусь Унучак 19 красавіка а 16-й гадзіне.

Археалагічныя помнікі Мінска: Сухараўскія курганы

18 красавіка з 16-й гадзіны археолаг Алесь Вашанаў пакажа археалагічныя помнікі, якія мы бачым, але не заўважаем, ды распавядзе, адкуль яны ўзяліся і навошта рабіліся.

Страчаныя святыні

Дзе знаходзіўся першы каменны храм, самая старая сінагога ды мінская мячэць, распавядуць 19 красавіка а 14-й гадзіне Павел Іваніцкі і Ганна Мароз.

Экалагічная квэст-экскурсія

Па зялёных у прамым і пераносным сэнсе мясцінах распавядзе а 10-й раніцы 19 красавіка Дзмітрый Васьковіч ў Цэнтра экалагічных рашэнняў. Сумна не будзе, экскурсію правядуць у форме квэсту.

Стрытвокер: галерэя «рэдзі-мэйд» аб’ектаў

Творчая група «Стрытворкер» абяцае ў 18:00 18 сакавіка пачаць не проста экскурсію, а экскурсію-спектакль па Верхнім горадзе. Добрая магчымасць інакш паглядзець на знаёмыя мясціны.

Легенды і міфы мінскіх нефармалаў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя

Адна з роварных экскурсій па Мінску склалася ў сюррэалістычны маршрут арт-суполкі «Беларускі клімат». Незвычайныя не толькі героі экскурсіі, але і час пачатку — 18 сакавіка ў 19:57.

У пошуках сакуры

Самая нечаканая для Мінска экскурсія пачнецца 19 красавіка а 10-й раніцы. У час вучэбнай экскурсіі Настассі Пяргаевай будуць шукаць кавалачкі японскай культуры ў беларускай сталіцы ды слухаць пра Мінск вачыма японца.

Студзёнка, Бярэзiна, Занiўкi, Зэмбiнскiя гацi ў 1812 г.

Вялікая загарадная экскурсія пройдзе ў Барысаўскім раёне 19 сакавіка з 12:00. Мікалай Чарнуха распавядзе не толькі па падзеі на Брылёўскім полі падчас вайны з Напалеонам, але і дапоўніць аповед анімацыяй і віктарынай.

Плошча Незалежнасці навобмацак

Адмысловую экскурсію падрыхтавалі і для людзей з парушэннямі зроку. Людміла Скрадаль прэзентуе яе 19 красавіка а 12-й гадзіне. Яна прадэманструе аўтарскую методыку экскурсій, што ўключае не толькі аповед, але і тактыльныя выявы ды макеты.

***

Гэта далёка не ўсе незвычайныя экскурсіі Фэсту. Поўны спіс экскурсій па ўсёй Беларусі глядзіце на сайце fest-guides.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?