Сёння ў ЕГУ адбылася першая прэс-канферэнцыя новага рэктара ЕГУ Гэры Дэвіда Поліка. Разам з Полікам у канферэнцыі прымаў удзел былы рэктар ЕГУ і цяперашні прэзідэнт універсітэта Анатоль Міхайлаў.

Відэазапіс прэс-канферэнцыі. 

Многа пытанняў датычылася самой працэдуры выбара рэктара. Многія студэнты ЕГУ, выкладчыкі і прадстаўнікі грамадскай супольнасці Беларусі былі абураныя непразрыстасцю працэса выбараў рэктара і самой кандыдатурай Поліка.

Анатоль Міхайлаў адзначыў, што гэтыя пытанні паходзяць з недасведчанасці аб працэсе выбараў. Міхайлаў заўважыў, што ўся працэдура выбараў адпавядае міжнародным стандартам і знаходзіцца ў адкрытым доступе для ўсіх. «Усе патрабаванні да рэктара прапісаныя без уліку нацыянальнасці, колеру скуры, полу», — сказаў Міхайлаў.

Акрамя гэтага, Міхайлаў папрасіў не сумнявацца ў прафесіяналізме камісіі па адборы рэктара, бо падстаў для сумневаў няма. Што тычыцца нацыянальнасці рэктара, Міхайлаў адзначыў, што ЗША — адзін з лідараў у галіне вышэйшай адукацыі, і адмаўляць досвед гэтай краіны дзіўна, бо адмаўленне замежнага досведу Беларуссю цягам доўгага часу ужо прынесла яскравыя рэзультаты.

«Дзіўнымі» назваў Міхайлаў і заклікі правесці перавыбары рэктара. «Правілы гульні не мяняюцца падчас гульні. І тыя, хто ўдзельнічаў у выбарах, прынялі іх такімі, якімі яны былі», — сказаў Міхайлаў.

Сябра Кіраўнічай рады ЕГУ Дэн Дэвідсан папрасіў нагадаць, што адпаведна Статуту ЕГУ, рэктар гэтай навучальнай установы не выбіраецца, а прызначаецца.

Што тычыцца эканамічнай сітуацыі ў ЕГУ, Полік пацвердзіў існаванне вялікага бюджэтнага дэфіціту.

«На дадзены момант дэфіцыт бюджэту ўніверсітэта складае 1 мільён еўра. Гэты дэфіцыт узнік яшчэ да майго прызначэння на пасаду прарэктара. Больш за тое, вырашэнне фінансавых праблем і стала прычынай запрасіць мяне кансультантам у ЕГУ», — расказаў Полік.

Прычынай Полік назваў «балючы» пераезд ЕГУ з Мінска ў Вільню. «Калі было прынята рашэнне працаваць адпаведна працоўнаму заканадаўству Літвы, адразу ўзнік такі дэфіцыт. Аднак Кіраўнічая рада і траставы фонд пагадзіліся на такія ўмовы, бо неабходна паважаць законы краіны, якая дала прытулак ЕГУ», — паведаміў ён.

Полік патлумачыў, што, каб вырашыць фінансавыя пытанні, ужо ўлетку ўніверсітэт пачне працэс стратэгічнага планавання:

«Раней падавалася, што сродкаў хопіць на тры гады існавання ўніверсітэта. Аднак выявілася, што гэта не рэсурсы траставага фонду замарожаныя. Замарожаны і 2-мільённы транш ад севернага савету. Умовай размарозкі гэтых сродкаў з'яўляецца збалансаваны бюджэт. Правесці аптымізацыю выдаткаў раней было немагчыма праз агрэсіўныя выклікі, пошук рэктара. Але цяпер мы плануем зрабіць гэта да канца 2015 — пачатку 2016 года».

Полік адзначыў, што будзе праведзеная ацэнка эфектыўнасці навучальных праграм. Стратэгічнае планіраванне выявіць тыя сферы, якія патрэбныя ўніверсітэту і якія не апраўдваюць сябе. У сувязі з гэтым могуць знікнуць нейкія з існуючых і з'явіцца новыя навучальныя праграмы.

Закрануў Полік і магчымае павышэнне платы на навучанне, якое хвалюе студэнтаў. Ён падкрэсліў, што ў няпростай для ўніверсітэта сітуацыі будуць шукацца рашэнні, якія дазволяць студэнтам быць здольнымі аплочваць навучанне, а ўніверсітэту — выжываць.

«Калі сярод нашых студэнтаў ёсць тыя, хто можа плаціць больш, яны павінны плаціць больш. І наадварот», — адзначыў Полік.

«Павышэнне кошту навучання цягне за сабою пэўныя цяжкасці для студэнтаў. З аднаго боку, універсітэт заўсёды мусіць павышаць якасць адукацыі. З другога боку, універсітэт мусіць аказваць падтрымку тым, каму яна патрэбная», — сказаў Полік. Адным з магчымых спосабаў прыцягнення сродкаў Полік назваў прыцягненне студэнтаў з «іншых рэгіёнаў».

Датычна арыентаванасці ЕГУ на Беларусь, Анатоль Міхайлаў запэўніў, што ЕГУ — навучальная ўстанова, створаная ў Беларусі і для Беларусі, якая дагэтуль працуе на карысць Беларусі, і «сумнявацца ў гэтым дзіўна».

Аднак Міхайлаў не бачыць выключнай ролі беларускай мовы ў працэсе навучання ў ЕГУ:

«ЕГУ мусіць быць адкрыты ўсім мовам. Акцэнт у назве ўніверсітэта менавіта на тым, што ён еўрапейскі, гэта спроба навярстаць прабелы ў гуманітарных ведах, што згубленыя за годы панавання дзяржаўнай ідэалогіі. Гэта тыя веды, якія існуюць на англійскай, нямецкай, французскай мове. І замяняць арыгіналы перакладамі, якія саступаюць ім па якасці, нельга.

Я мару, каб ЕГУ быў падобны да Універсітэта Люксембурга, дзе навучанне вядзецца адразу на англійскай, нямецкай, французскай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?