Нацызм і сталінізм нельга прыраўноўваць адзін да аднаго, заявіў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падчас прамой лініі ў чацвер. Раней ва ўраўноўванні гэтых паняццяў расійскі МЗС абвінавачваў кіеўскія ўлады, якія прынялі законы аб «дэкамунізацыі Украіны».

«Нацысты прама, адкрыта і публічна абвясцілі адной з мэтаў сваёй палітыкі знішчэнне цэлых этнасаў — яўрэяў, цыган, славян. Пры ўсёй пачварнасці сталінскага рэжыму, пры ўсіх рэпрэсіях, нават пры ўсіх высылках цэлых народаў усё ж такі мэты знішчэння ніколі сталінскі рэжым для сябе не ставіў», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне пра скажэнне гісторыі.

Паводле яго слоў, спроба паставіць «на адну дошку адных і другіх» не мае пад сабой глебы.

Гісторык Андрэй Зубаў адзначае, што камуністычны рэжым, у тым ліку і сталінскі, безумоўна, не заяўляў пра намер знішчаць народы, аднак ставіў мэтай пазбаўленне грамадства ад цэлых сацыяльных класаў і груп.

«І пры Леніне, і пры Сталіне таксама гаварылася аб знішчэнні эксплуататарскіх класаў. Прычым знішчэнні — не зжыванні, а менавіта фізічным знішчэнні… мільёны людзей былі забітыя падчас ленінска-сталінскага рэжыму толькі за тое, што яны належалі да памешчыкаў, капіталістаў, інтэлігентаў, афіцэраў, святароў, рабінаў, проста культурных людзей, купцоў, бізнэсменаў і гэтак далей», — лічыць гісторык.

Паводле яго слоў, у часы Чырвонага і Вялікага тэрору людзей рэпрэсавалі толькі з-за таго, што яны ці іх бацькі належалі да вышэйшых пластоў дарэвалюцыйнай Расіі або іншых дзяржаў.

Заява Уладзіміра Пуціна неправамерная, лічыць Зубаў.

«Спаліць чалавека і ўтапіць яго — гэта розныя рэчы, але гэта аднолькава жудасна. Вось тое ж самае можна сказаць пра Гітлера і Сталіна», — кажа гісторык.

Расійскія ўлады не раз вінавацілі Захад у спробе «перапісаць гісторыю», у прыватнасці заяўляючы, што пераменшванне ўкладу СССР у перамогу ў Другой сусветнай вайне фактычна азначае апраўданне нацызму.

12 красавік Папа Францыск назваў злачынствы сталінізму адной з самых вялікіх трагедый XX стагоддзя, у адным шэрагу з злачынствамі нацызму і генацыдам армян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?