16 красавіка ў рамках ХІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў у музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (3-ці паверх) адкрылася выстава «Радзівілы і кніга», прысвечаная адметным творчым асобам аднаго з самых славутых магнацкіх родаў Еўропы. Многія з выданняў яшчэ ніколі не выстаўляліся і трапілі ў Беларусь зусім нядаўна. 

Першае выданне оперы «Фауст» (Берлін, 1835) кампазітара, пачынальніка «берлінскай эры Радзівілаў» Антонія Генрыка Радзівіла.

Першае выданне оперы «Фауст» (Берлін, 1835) кампазітара, пачынальніка «берлінскай эры Радзівілаў» Антонія Генрыка Радзівіла.

– Тыя самыя буржуі, ці як яны іначай зваліся ў савецкіх энцыклапедыях, выпадкова сталі членамі старага вялікакняскага грамадства, паўнацэннымі ўдзельнікамі культурнага працэсу, і сёння ўжо кажуць «нашы Радзівілы» ў самым добрым разуменні. Яны шмат зрабілі, каб Беларусь стала краем багатай культуры. Яны добра вядомы як мецэнаты, эканамічныя рэфарматары, кіраўнікі палітыкі, ваяры, – кажа намеснік дырэкатара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай прадстаўнікі роду ўвайшлі ў шэрагі арыстакратыі Расіі, Прусіі, Аўстра-Венгрыі.

Радзівілы – «некаранаваныя каралі», найбуйнейшы магнацкі род ВКЛ, які вёў выдавецкую і асветніцкую дзейнасць, стварыў першы ў Беларусі прафесійны тэатр. Адна з найбунейшых у краіне бібліятэк, заснаваная родам у XVII стагоддзі, у сярэдзіне XVIII стагоддзя налічвала 9 тысяч тамоў, а ў 1772 годзе – больш за 20 тысяч тамоў. Калекцыя ўключала ў сябе кнігі антычных аўтараў, гістарычныя і юрыдычныя выданні, рэфармацыйныя творы. «Для Беларусі радзівілаўскі кнігазбор – прыклад уважлівага стаўлення да кнігі, да ўласнай і агульнаеўрапейкай інтэлектуальнай культуры. Гэта прыклад сапраўднай магнатэрыі», – кажа Аляксандр Суша. 

У экспазіцыі прадстаўлены экзэмпляры кніг ХVІ–XX стст. Сярод іх брэсцкія выданні 1566 года з друкарні, якая была заснавана Радзівілам Чорным і стала адной з першых на тэрыторыі Беларусі. На выстаўцы прадстаўлена знакамітая «Перэгрынацыя…» – дзённік падарожжаў Мікалая Крыштофа Радзівіла ў выданнях на лацінскай (1610) і польскай (1604) мовах. 

У наведвальнікаў выставы ёсць магчымасць убачыць адзіны на Беларусі экзэмпляр XVIII стагоддзя драматычных твораў Уршулі Радзівіл «Камедыі і трагедыі» з гравюрамі Міхала Жукоўскага, зробленымі па эскізах княгіні.

Экспазіцыя змяшчае выключна цікавае, урачыста аздобленае першае выданне ўнікальнага музычнага твора оперы «Фауст» (Берлін, 1835) кампазітара, мецэната, палітыка, пачынальніка «берлінскай эры Радзівілаў» Антонія Генрыка Радзівіла. Гэта адзіны кампазітар, з якім нямецкі паэт Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст.

На выставе прадстаўленыя выданні творчай і эпісталярнай спадчыны Марыі Дароты Радзівіл – ініцыятаркі адраджэння Нясвіжскага замка і бібліятэкі ў канцы ХІХ стагоддзя.

Многія з выданняў былі нядаўна вернутыя ў Беларусь пры падтрымцы дзяржавы і прыватных асоб і экспануюцца ўпершыню. З апошніх здабыткаў – карта ВКЛ, перавыданне 1640 года з аднаго з атласаў, якая купленая з дапамогай дзяржавы. Кнігі Марыі Дароты Радзівіл з роду дэ Кастэлян – падарунак Монікі Банькоўскай са Швейцарыі. 

Экспазіцыя будзе прадстаўленая па 31 мая 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?