Міністэрства працы і сацыяльнай абароны не плануе ў хуткім часе ініцыяваць папраўкі ў дэкрэт прэзідэнта № 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Пра гэта паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў на сустрэчы з актывісткай кампаніі «Гавары праўду» Таццянай Караткевіч 22 красавіка ў Мінску. 

«Я падала яму тэкст петыцыі аб тым, што дэкрэт трэба адмяніць, падпісаную ўжо 30 тысячамі чалавек. Мы доўга гаварылі аб наступствах, да якіх прывядзе рэалізацыя палажэнняў дэкрэта. Галоўны яго плюс, які бачыць Кавалькоў, што дэкрэт ускалыхнуў свядомасць грамадзян, прымусіў іх задумацца», — паведаміла Караткевіч. 

Паводле яе слоў, Кавалькоў сказаў, што ў хуткім часе ў дэкрэт не плануецца ўносіць папраўкі. «Ён мяркуе, што было зроблена ўсё магчымае, каб улічыць усе жыццёвыя сітуацыі. Цяпере яны хочуць, каб дакумент папрацаваў. Намеснік міністра таксама актыўна адстойваў пазіцыю, што дакумент не парушае Канстытуцыю, што ён вельмі патрэбны», — зазначыла Караткевіч. 

На сустрэчы з чыноўнікам Караткевіч таксама прапанавала ўнесці ў заканадаўства аб ветэранах такую катэгорыю грамадзян, як «дзеці вайны», а таксама вызначыць ім пералік ільготаў, напрыклад, на праезд у транспарце, на медыцынскае абслугоўванне, ці нейкія фінансавыя даплаты і выплаты. «Кавалькоў сказаў, што гэта тэма не раз узнімалася на ўзроўні міністэрства, але зрухі не адбываюцца, таму што могуць быць пакрыўджаныя іншыя катэгорыі пажылых людзей, а магчымую незадаволенасць сярод іх яны выклікаць не хацелі б. Другое — гэта фінансавыя выдаткі, на якія цяпер няма сродкаў», — сказала Караткевіч. 

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка падчас рэспубліканскага суботніка паабяцаў пры неабходнасці выправіць да канца года сітуацыю з дэкрэтам аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. «Да канца года мы будзем маніторыць сітуацыю, каб ніхто незаслужана не пацярпеў. Памыліліся — паправім, але трэба, каб ён папрацаваў», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?