Артур Фінькевіч

5 лютага ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі наконт прысуду палітвязьню Артуру Фінькевічу. Судзьдзя Ігар Прошка прыняў рашэньне вызваліць хлопца з СІЗА.

Самаго Артура ў суд не прывезьлі. У залі паседжаньняў прысутнічалі Павал Севярынец, Аляксей Кавалец, Вячаслаў Сіўчык, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Міхалевіч, прадпрымальнік Алесь Макаеў, прадстаўнікі амэрыканскага пасольства. Раніцай Севярынец, размаўляючы з карэспандэнтам «НН», стрымана выказаў надзею, што прысуд усё ж перагледзяць і вынесуць больш мяккі.

Але пракурор Каранькоў заявіў, што прысуд Фінькевічу цалкам справядлівы, але пакараньне занадта жорсткае і запатрабаваў зьмяніць меру ўтрыманьня на 6 месяцаў «хіміі». Дні, праведзеныя ў турме, ідуць у параўнаньні з «хіміяй» у прапорцыі 2 да 1, таму Фінькевіча мусілі выпусьціць адразу пасьля завяршэньня паседжаньня суду.

Судзьдзя Ігар Прошка падтрымаў пракурора, прыняўшы рашэньне ў гэты ж дзень вызваліць Артура з СІЗА. Забраўшы судовую пастанову, сябры і паплечнікі палітвязьня накіраваліся да сьцен ізалятара, дзе і чакалі вызваленьня.

Пачакаць давялося некалькі гадзін, пакуль вырашаліся ўсе юрыдычныя пытаньні. Прыкладна а 14:00 Артур выйшаў на волю. «Многія думалі, што я буду скакаць ад радасьці, калі выйду з турмы, але асаблівага шчасьця не адчуваў. Адношуся да гэтага спакойна. Ламацца ў турме я не зьбіраўся», — кажа хлопец.

Адразу пасьля вызваленьня Артур накіраваўся ў суд, каб забраць пашпарт. Пасьля адбылася сяброўская сустрэча на офісе «Кола сяброў», дзе сабралася каля паўсотні чалавек.

«Пра вызваленьне даведаўся за гадзіну перад тым, як пакінуў браму СІЗА, прыйшла адвакатка спн. Бахціна, яна мне і паведаміла рашэньне суду. Пра выхад з турмы Зьмітра Дашкевіча я ўжо ведаў, таму ў глыбіні душы спадзяваўся, што адпусьцяць ці хаця б скароцяць тэрмін», — гаворыць былы палітвязень.

20 сьнежня суд Кастрычніцкага раёну Магілёву асудзіў Фінькевіча на паўтары гады турмы. Ён быў прызнаны вінаватым у парушэньні арт. 415 КК (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня). Яшчэ ў траўні 2006 г. хлопец быў асуджаны на два гады «хіміі» за палітычныя графіці. У пачатку сьнежня 2007 году, ён павінен быў выйсьці на волю, але літаральна за месяц зь невялікім да гэтай падзеі аказаўся ў СІЗА.

Вось як расказвае Фінькевіч пра паўторны арышт:

«Цяжка ў маральным пляне было толькі першы дзень. Я сядзеў у камэндатуры і чакаў, пакуль з крамы прынясуць пяльмені. У пакой увайшлі ахоўнікі. Сказалі, каб зьбіраў рэчы, бо едзем у турму. Праз тры‑чатыры гадзіны я быў ужо ў камэры. Скажам, на Валадарцы вязьня некалькі дзён трымаюць у «адстойніку», а тут адразу накіравалі ў «хату». У бытавым пляне ў Магілёве сядзець было лепш, чым на Валадарцы, але рэжым тут быў больш жорсткі».

Фінькевіч гаворыць, што супрацоўнікі КДБ неаднаразова папярэджвалі яго пра арышт. Хлопец на пэўным моманце нават зьмірыўся з тым, што трапіць за краты.

«Папярэджвалі, што за два‑тры месяцы да вызваленьня зноў апынуся ў турме. У мяне пастаянна шукалі і чакалі парушэньняў. Тыя ж «хімікі», якім дапамагаў пісаць скаргі ці нешта яшчэ, пішуць на цябе дакладныя».

Пра сьнежаньскі суд Артур расказаў так:

«У мяне калаціліся рукі і ногі, самаадчуваньне было вельмі кепскае. Нават нічога толкам ня мог сказаць. Міліцыянты казалі, што будзе пакараньне ад году да двух, таму прысуд не аказаўся нечаканым. За некалькі дзён да суду мне намякнулі, калі я прызнаю сваю віну, то нейкім чынам можна будзе дабіцца больш мяккага прысуду. Таму і была такая пазыцыя. Я вельмі ўдзячны сваёй цяперашняй адвакатцы Ганьне Бахціной, яна сапраўдны прафэсіянал».

Фінькевіч удзячны сябрам‑маладафронтаўцам, прэсе і Аляксандру Мілінкевічу, якія ўздымалі тэму ягонага арышту на Захадзе, праводзілі акцыі салідарнасьці, не забываліся на яго.

«Разам з тым, разумею, што я, Дашкевіч, Аўтуховіч проста разьменныя манэты ў гандлі з Захадам», — кажа хлопец.

Цяпер Артур Фінькевіч зьбіраецца займацца грамадзкай дзейнасьцю, а таксама працягваць атрымліваць вышэйшую адукацыю ў ЭГУ, ён навучаецца на другім курсе «паліталёгіі».

Ужо вечарам у аўторак Артур прыехаў у Менск, дзе ня быў амаль два гады.

Зьміцер Панкавец, Магілёў - Менск

Finkevich. Photo by Julia Darashkevich
Finkevich. Photo by Julia Darashkevich
Finkevich. Photo by Julia Darashkevich
Фота на памяць
Finkevich. Photo by Julia Darashkevich
Finkevich. Photo by Julia Darashkevich
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру