Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў 16 красавіка падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА распавёў пра галоўныя навацыі будучай уступнай кампаніі.

БелТА

БелТА

Бюджэтныя месцы: дзесьці губляем, дзесьці знаходзім

У 2015 годзе плануецца прыняць у ВНУ на бюджэтныя месцы 27,9 тыс. чалавек. Гэта практычна столькі, колькі і ў мінулым годзе (на 93 месцы менш у параўнанні з фактам прыёму 2014 года). Пры гэтым павялічыцца прыём будучых кадраў для Мінабароны — на 254 месцы, МНС — на 21 месца, сельгасгаліны — на 22 месцы, індустрыі спорту — на 30 месцаў. А вось колькасць бюджэтных месцаў на медыцынскія спецыяльнасці скароціцца на 85 месцаў, спецыяльнасці культуры і мастацтва — на 60 месцаў.

Дадатковы набор будзе праходзіць па дзённай бюджэтнай форме з 26 па 29 ліпеня: для ВНУ сілавога блока — з 24 па 27 ліпеня, для творчых — з 30 ліпеня па 1 жніўня. Мінадукацыі папярэджвае: нездавальняючыя адзнакі па выніках ЦТ для тых, хто паступае ў асноўныя тэрміны уступнай кампаніі, і для тых, хто паступае па дадатковым наборы, прымаюцца ідэнтычнымі і змяншацца не будуць.

Усе дакументы Мінадукацыі, якія рэгламентуюць правядзенне ўступнай кампаніі ў 2015 годзе, цяпер знаходзяцца на юрыдычнай экспертызе. Яны будуць апублікаваныя ў бліжэйшы час. Аднак некаторыя навацыі сталі здабыткам грамадскасці. Так, у параўнанні з 2014 годам павялічаныя на 2 дні тэрміны прыёму дакументаў на бюджэт — з 8 па 15 ліпеня (уступныя іспыты ва ўстановах вышэйшай адукацыі пройдуць з 16 па 21 ліпеня). А прыём дакументаў на платнай аснове ў ВНУ будзе праходзіць з 8 ліпеня па 2 жніўня. Больш раннія часавыя рамкі прыёмнай кампаніі ўстаноўленыя для спецыяльнасцяў, якія патрабуюць спецыяльнага прафесійнага адбору (творчыя, ваенныя).

Новых спецыяльнасцяў вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе няшмат. Так, абітурыенты змогуць паступаць на «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у харчовай прамысловасці)» — такую спецыяльнасць упершыню прапануе Магілёўскі ўніверсітэт харчавання. У Беларускім эканамічным універсітэце адкрытая спецыяльнасць «нацыянальная эканоміка», у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Полацкім універсітэце — «геаінфармацыйныя сістэмы». Ануляваны напрамак спецыяльнасці «геаграфія» — «геаінфармацыйныя сістэмы», бо адкрыта цэлая спецыяльнасць.

ЦТ: цана і тэрміны

Цэнтралізаванае тэставанне будзе праводзіцца з 14 па 27 чэрвеня, рэзервовы дзень — 2 ліпеня. У адзін дзень (27 чэрвеня) плануецца здача двух прадметаў — сусветная гісторыя найноўшага часу і геаграфія. У пералік уступных выпрабаванняў увялі кітайскую мову.

Аплата за рэгістрацыю на ЦТ трохі павялічаная ў параўнанні з мінулым годам — з Br10 тыс. да Br18 тыс. (Цяпер яна прывязаная да базавай велічыні — складае 0,1 БВ).

Дакументы на рэгістрацыю з гэтага года могуць падаваць прадстаўнікі абітурыентаў — у выпадку адсутнасці па ўважлівай прычыне такой магчымасці ў саміх абітурыентаў. Раней дакументы можна было падаваць толькі асабіста. Гэтая навацыя распаўсюджваецца і на атрыманне сертыфіката ЦТ.

У параўнанні з 2014 годам зменены падыход да вызначэння ніжніх парогавых балаў ЦТ. Так, у 2015 годзе нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 14, а па такіх прадметах, як гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкі, французскі, іспанскі, кітайскі) — ад 0 да 19. Па другім прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 9; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 14. Па рускай і беларускай мовах нездавальняючыя адзнакі — ад 0 да 9 балаў.

Так званыя парогавыя значэння ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта; на ваенныя факультэты дзяржаўных ВНУ; у дзяржаўныя ВНУ па групах спецыяльнасцяў «вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства», «сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый», «меліярацыя і водная гаспадарка», «аграінжынерыя» і ў ВНУ МУС на месцы дадатковага набору устаноўленыя ад 0 да 4 балаў.

Дарэчы, першыя і другія прадметы профільных выпрабаванняў былі вызначаныя яшчэ ў мінулым годзе (пастанова Мінадукацыі №91 аб ўступных іспытах на 2015 год зацверджана 1 ліпень 2014). Па некаторых спецыяльнасцях профільныя выпрабаванні былі змененыя: напрыклад, тыя, хто паступае на спецыяльнасць «пачатковая адукацыя» будуць здаваць біялогію (раней — матэматыку) і гісторыю Беларусі, на групы спецыяльнасцяў «права» — грамадазнаўства і замежную мову (раней — матэматыку), на «грамадскае харчаванне» — хімію (раней — фізіку) і матэматыку.

Без экзаменаў

У гэтым годзе льгота пры паступленнi на педспецыяльнасці без экзаменаў для залатых і сярэбраных медалістаў захоўваецца.

Пералік педагагічных спецыяльнасцяў, пры паступленнi на якiя залічваюцца без уступных выпрабаванняў асобныя катэгорыі абітурыентаў па рэкамендацыі ўстаноў адукацыі, застаўся нязменным. У гэты пералік увайшлі так званыя вострадэфіцытныя спецыяльнасці: «дашкольная і пачатковая адукацыя», «гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «біялогія», «хімія», «геаграфія», «матэматыка», «інфарматыка», «фізіка», «тэхнічная творчасць», «беларуская мова і літаратура», «руская мова і літаратура», «тэхнічная праца і прадпрымальніцтва», «абслугоўваючая праца», «выяўленчае мастацтва», «лагапедыя», «сурдапедагогіка», «тыфлапедагогіка», «алігафрэнапедагогіка», «сацыяльная педагогіка» і інш. Усяго ў спісе 22 спецыяльнасці, з імі можна азнаёміцца на партале Міністэрства адукацыі.

Застануцца і пэўныя льготы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Гэта значыць, бал цэнтралізаванага тэставання па профільных прадметах пры паступленні ў ВНУ сельгаспрофілю будзе ніжэйшы, чым у іншыя універсітэты. Мінімальны бал, які павінен набраць абітурыент, — не ніжэй за 5.

Аплата за навучанне павысіцца, але не франтальна

Кошт навучання зменіцца, асабліва для навучэнцаў першага курса. Як растлумачыў міністр, «будзе мяняцца стаўка першага разраду — будзе мяняцца кошт навучання, але ў разы, натуральна, не павялічыцца».

Міхаіл Жураўкоў абверг сцвярджэнне, што расейцы, якія вучацца ў рэспубліцы, плацяць больш за беларусаў. Расейцы маюць права паступаць на тых жа правах, што і беларусы. То бок, калі абітурыент паспяхова здае цэнтралізаванае тэставанне, то праходзіць на бюджэт. Калі не хапае балаў, можна ісці на платнае навучанне таксама на правах беларуса. І кошт навучання для расейца будзе такі ж, як і для беларуса. Акрамя таго, расейцам прадастаўлена права навучацца як замежным грамадзянам, не здаючы ЦТ. У гэтым выпадку ён аплачвае вучобу як замежнік. Часта гэтыя паняцці блытаюць, кажуць: «Я расеец і плачу больш», але пры гэтым хітруюць, што не здавалі ЦТ, а проста прайшлі сумоўе.

Беларусы, якія хочуць навучацца ў Расіі, у сваю чаргу здаюць ЕГ. Гэта значыць, тут усё па-сумленнаму, лічыць міністр.

Аптымізацыя ВНУ адбудзецца не заўтра

Міхаіл Жураўкоў цвёрда заявіў: у найбліжэйшай будучыні колькасць вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не зменшыцца.

«Вядома, мы думаем над тым, як аптымізаваць сістэму адукацыі ў цэлым, у тым ліку вышэйшай адукацыі. І сеткавая арганізацыя навучання ў ВНУ, на мой погляд, пакажа, якія з іх адужэюць і застануцца ў тым выглядзе, у якім ёсць, а якія, можа быць, стануць структурнымі падраздзяленнямі больш моцных ВНУ, — растлумачыў міністр. — Жыццё ёсць жыццё, выжывае наймацнейшы: калі ўніверсітэты не будуць імкнуцца да таго, каб павышаць якасць адукацыйнага працэсу, то мы будзем ставіць пытанне, каб яны былі не універсітэтамі, а напрыклад, інстытутамі ў складзе нейкай вядучай ВНУ ці нават пераходзілі на прыступку ніжэй і станавіліся каледжамі, што, вядома, дрэнна».

Але ў бліжэйшыя год-два не ставіцца пытанне аб закрыцці або скасаванні універсітэтаў, запэўніў кіраўнік міністэрства.

Сталы для экзаменатараў — нонсэнс

У нашай краіне з савецкіх часоў так склалася, што на выпускных іспытах у школе бацькі накрываюць сталы для экзаменатараў (цукеркі, бутэрброды, вада і г.д.). Гэта і клопаты, і дадатковыя выдаткі для бацькоў, якіх яшчэ чакаюць сур'ёзныя выдаткі на сам выпускны. Навошта гэта трэба — было зададзена слушнае пытанне ўдзельнікам анлайну.

Такога ў прынцыпе нельга рабіць — пазіцыя Мінадукацыі. І традыцыю трэба выкараняць. Гэта праца настаўніка, адміністрацыі, прапісаная службовымі абавязкамі, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?