Прыведзены ў выкананне прыгавор Вярхоўнага суда ў дачыненні да трох лідэраў гомельскай злачыннай групоўкі — Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанкі. Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс‑сакратар суда Анастасія Цімановіч.

Нагадаем, Вярхоўны суд двойчы, у снежні 2006 года і кастрычніку 2007‑га, прыгаворваў да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу — С.Марозава і І.Данчанку. В.Гарбаты быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання ў снежні 2006 года.

Як паведаміў БелаПАН адзін з гомельскіх адвакатаў, якія бралі ўдзел у судовым працэсе па справе «марозаўскай банды», дакументы аб прызнанні С.Марозава памерлым прыйшлі на мінулым тыдні ў ЗАГС Чыгуначнага раёна Гомеля.

У студзені 2008 года Вярхоўны суд прыняў да вытворчасці крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Марозава і яшчэ трох членаў злачыннай арганізацыі, якую ён узначальваў. Яны абвінавачваюцца ў наўмысным нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў у сувязі з ажыццяўленнем пацярпелым службовай дзейнасці.

«Лідэр банды Марозаў усяляк адцягваў момант прывядзення ў выкананне прыгавора, — паведаміў адвакат, які не назваўся. — Ён «успамінаў» аб новых эпізодах злачыннай дзейнасці, абяцаў назваць высокапастаўленых чыноўнікаў абласнога і рэспубліканскага рангаў, якія садзейнічалі таму, што члены банды так доўга дзейнічалі беспакарана. Марозаў спрабаваў захаваць сваё жыццё, напэўна, спадзяваўся, што ў Беларусі аб\’явяць мараторый на смяротнае пакаранне».

Нагадаем, групоўка пад кіраўніцтвам Сяргея Марозава дзейнічала ў Гомельскай вобласці ў 1994—2004 гадах. Першы прыгавор па справе гэтай злачыннай арганізацыі Вярхоўны суд вынес 1 снежня 2006 года. Члены банды былі асуджаны да розных тэрмінаў зняволення — ад 20 гадоў пазбаўлення да двух гадоў абмежавання волі. Усяго па справе гэтай злачыннай арганізацыі праходзілі 46 чалавек. Ім інкрымінавалася ўчыненне больш як 100 злачынстваў, у тым ліку 19 забойстваў, захоп заложнікаў, 10 злачынстваў у сферы незаконнага абароту зброі. Разам з прафесійнымі злачынцамі на лаве падсудных апынуліся пяць супрацоўнікаў міліцыі. Выяўлены сувязі групоўкі сярод кіраўніцтва органаў улады і кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама. Былога начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку Гомельскага УУС палкоўніка міліцыі Мікалая Лосева суд прыгаварыў да 18 гадоў пазбаўлення волі. У міжнародным вышуку знаходзіцца былы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў сферы барацьбы з аргзлачыннасцю і карупцыяй Гомельскай вобласці.

Цяпер суд Чыгуначнага раёна Гомеля прыняў да вытворчасці крымінальныя справы ў дачыненні да яшчэ шасці членаў «банды Марозава». Сведкамі па крымінальнай справе праходзяць прыкладна 130 чалавек. Падазроным інкрымінуецца ўчыненне крадзяжоў, разбояў, рабаванняў.

Алена Германовіч, Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0