Цікава было б, каб пра гістарычную сустрэчу новага расейскага і вечнага беларускага лідэраў распавёў хатні сабака Пуціна лябрадор Коні.

Ну і дзянёк у нас у Сочы выдаўся. Зранку ўстаў, пашукаў блох. Пайшоў у кабінэт да гаспадара. Той ужо ўстаў, ходзіць па пакоі і нешта трындзіць: блін, кажа, трэба было ўсё ж рэфэрэндум, як бацька, забацаць пра трэці тэрмін. Цяпер бы сядзеў у цяпле ў Крамлі, глядзеў бы Галкіна па целеку, а не займаўся нейкай фігнёй».

Пабачыў мяне — павёў на прагулку. Задавальняю, значыць я, каля браніраванага мэрса малую патрэбу і раптам бачу — нешта зашмат ахоўнікаў на дачы. Ну, думаю — накрылася гульня ў мячык: нейкі госьць прыедзе. Зараз пачнецца важданіна — будуць мяне часаць за вухам і гладзіць па сьпіне, каб спадабацца гаспадару. Дурныя людзі! Быццам я ўвечары прыйду ў спальню да гаспадара і скажу: «Знаеш, Уладзіміравіч, а давай Януковічу цэны на газ скінем. Ён жа такі мілы, гэты Фёдаравіч, — так прыемна за вухам мяне шкрабе.

Добра, крыху адышоў ад тэмы. Значыцца, тут машына ў двор едзе: адтуль нейкі вусач. Я пазнаў яго. Ён тут у нас часта круціцца. Нешта залівае пра нейкае славянскае сяброўства. «У нас, кажа, хутка будзе такое славянскае сяброўства. Такое славянскае сяброўства, што закачаесься». Я так і не зразумеў, пра што гэта ён кажа. Ніколі не было такога, каб гаспадар сказаў жонцы: мне тут «славянскае сяброўства», нарэшце, прывезьлі, схавайце яго, каб дочкі выпадкова не зламалі, або сабака не пагрыз.

Гаспадар вусатаму кажа: «Пойдзем па спартовых аб’ектах». Селі ў машыну і паехалі на нейкі схіл.

Выйшлі недзе ў гарах. Што сказаць — поўная жэсьць. Адзін сьнег. Ні сук, ні жратвы, ні, там, у мячык пагуляцца. А там ужо два чэлы тусуюцца з лыжамі. Адзін — малады і пешчаны. Другі — стары, на мянушку Зубкоў адклікаецца. Гаспадар кажа вусатаму: «А гэта мой пераемнік».

Той абрадаваўся. Нешта пачаў маладому казаць пра славянскае сяброўства. Малады афігеў, адзінае, што можа сказаць: «Тэхніку закупаем. Яна па якасьці добрая, ды і цана канкурэнтаздольная». І ўвесь час на гаспадара глядзіць, быццам баіцца чагосьці лішняга ляпнуць.

Нарэшце вярнуліся на дачу.

Селі ўтраіх. Малады, вусаты і гаспадар.

‑ Хочам тут на Алімпіядзе беларускі куток замуціць, — кажа вусаты.

Малады: « Тэхніку закупаем. Яна па якасьці добрая, ды і цана канкурэнтаздольная «.

У мяне поўсьць дыбам. Гэта ж ён тут будзе ўсю Алімпіяду, амаль месяц тырчаць! Накрылася медным тазікам гульня ў мячык. Давядзецца з ранку да вечара пра славянскае сяброўства слухаць.

Нарэшце скончылі.

Зранку гаспадар чытаў услых газэты. Паслухай, кажа, Коні, што піша Саўбелка: «Стасункі адбыліся і, са словаў журналістаў‑відавочцаў, было вельмі цёплым. Па‑сутнасьці, гэта першая такая сустрэча — вочы ў вочы».

Ржу — не магу. Якое можа быць цяпло ў гарах?

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0