У адваротным выпадку нашы заходнія суседзі пагражаюць страйкам

Паводле апытаньня польскага агенцтва ARC Rynek i Opinia, 65 % палякаў лічаць, што іх заробак мусіць вырасьці на 500 злотых ($200) ад цяперашняга сярэдняга паказчыка, эквівалентнага 1070 далярам. А 44 % рэспандэнтаў ужо чакаюць на хуткае падвышэньне заробкаў. Як вынікае з дасьледваньня, зладжанага на замову газэты «Polska», 75 % палякаў мяркуюць, што павышэньне заробку мусіць адбыцца ўжо цяпер, бо ня гледзячы на спрыяльныя эканамічныя ўмовы ў краіне, ажно тры чвэрці апытаных не адчуваюць гэтага ва ўласных кішэнях. Каля 65 % палякаў чакаюць павышэньня заробку на 500 злотых, 22 % разьлічваюць на падвышку да 1000 злотых. І толькі кожны дзясяты задаволены сваім заробкам. Што будзе, калі чаканьні палякаў наконт большага заробку ня спраўдзяцца? Апытаньне сьведчыць, што 40 % рэспандэнтаў гатовыя пазмагацца за прыбаўку і абяцаюць страйк.

Нагадаем, што пачатак бягучага году адзначыўся ў Польшчы шэрагам страйкаў. У студзені каля 12 тысяч польскіх настаўнікаў выйшлі на вуліцы Варшавы з патрабаваньнем павышэньня заробку. Для настаўнікаў-пачаткоўцаў адукацыйны прафсаюз патрабаваў павышэньня заробку на 600 злотых, а для сталых выкладчыкаў — на 1100 злотых. Міністэрства адукацыі прапанавала ў чатыры разы менш. Настаўнікі ў адказ паабяцалі распачаць у траўні бестэрміновы агульнанацыянальны страйк. Адначасова з настаўнікамі пратэставалі польскія мэдыкі. Сярэдні заробак мэдыкаў з улікам аплаты дзяжурстваў у большасьці бальніцаў Польшчы складае больш за 10 000 злотых. Аднак польскія лекары патрабуюць далейшага росту заробку і скарачэньня працоўнага часу згодна заканадаўства ЭС.

Напрыканцы студзеня наладзіла страйк і польская мытня. Дабіваючыся павышэньня аплаты працы і зьменаў у заканадаўстве, мытнікі заблякавалі рух грузавога транспарту на ўсходняй мяжы краіны. У сярэднім польскі мытнік зарабляе менш за настаўніка, мэдыка, ці паліцыянта. Яго заробак складае каля 1200 злотых. Страйкоўцы патрабавалі павышэньня на 1500 злотых, урад абяцаў ім 500.

Сярэдні заробак у Польшчы складае на сёньня каля 1070 даляраў.

Сямён Печанко, паводле dziennik.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0