Чым гэта пагражае Беларусі і калі нашая краіна далучыцца да СГА? Інтэрвію з экспэртам.

Украіна падпісала пратакол аб далучэньні да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Подпісы пад дакумэнтам паставілі ў аўторак у штаб‑кватэры СГА прэзыдэнт Віктар Юшчанка і генэральны дырэктар арганізацыі Паскаль Ламі. Украіна павінна ратыфікаваць пратакол ад уступленьні ў СГА да 4 ліпеня 2008 году. Краіна стане паўнапраўным чальцом СГА праз 30 дзён пасьля ратыфікацыі дакумэнта, паведамляе gazeta.ru

Беларусь павінна далучыцца да СГА, але пакуль яна адолела палову шляху

Пра ўступленьне Ўкраіны ў СГА і пэрспэктывы далучэньня да гэтай арганізацыі Беларусі гаворыць намесьніца дырэктара дасьледчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Наша Ніва: Як адаб’ецца ўступленьне Ўкраіны ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю на нашых узаемадачыненьнях?

Ірына Тачыцкая: Па вялікім рахунку нічога ня зьменіцца. Тэарэтычна, калі Ўкраіна далучыцца да Працоўнай групы СГА, то яна можа высоўваць нам нейкія патрабаваньні, прэтэнзіі. Але гэта малавераемна — пакуль пра такі сцэнар нішто ня сьведчыць. Іншая рэч, калі б нашыя краіны разам уступілі ў СГА, то ў рамках арганізацыі мы маглі б карыстацца мэханізмамі урэгуляваньня канфліктаў.

НН: На якім этапе па ўступленьні ў СГА знаходзіцца Беларусь?

І.Т.: На сёньня мы атрымалі падтрымку дзесяці з дваццаці сяброў Працоўнай групы СГА. Але засталіся самыя прынцыповыя — ЗША і ЭС. Я размаўляла летась з прадстаўнікамі Працоўнай групы ад гэтых краінаў і маю ўражаньне, што пытаньне пакуль не зварухнулася зь месца. Важна тое, што бяз згоды гэтых гульцоў нам амаль немагчыма атрымаць падтрымку ўсіх астатніх.

НН: Ці высоўваюць ЗША і ЭС пэўныя палітычныя патрабаваньні да Беларусі?

І.Т.: Пра палітыку ў СГА не гавораць, бо сама арганізацыя найперш займаецца эканомікай. Гэта своеасаблівы элітны клюб краінаў, па‑за якім застаецца ўсё менш краінаў, фактычна рэшта. І ўдзельнікі гэтага клюбу дбаюць пра пэўныя стандарты, якім навічкі павінныя адпавядаць.

НН: Што атрымае Беларусь ад магчымага ўступленьня ў гэты клюб?

І.Т.: Мы зможам нарэшце наладжваць узаемаадносіны з іншымі краінамі па правілах, згодна якіх даўно жыве ці не ўвесь сьвет. Нашае становішча само па сабе вымагае прысутнасьці ў СГА. Беларуская эканоміка — адкрытая, арыентаваная на экспарт‑імпарт. Таму вырашаць шматлікія пытаньні ў сфэры міжнароднага гандлю было значна прасьцей у рамках арганізацыі. Вырашацца праблемы розных антыдэмпінгавых расьледваньняў, несправядлівых абмежаваньняў, напрыклад ‑‑ у дачыненьні да беларускага тэкстылю. У хуткім часе да СГА далучыцца Расея, зь якой мы знаходзімся ў адной мытнай прасторы. І наша адсутнасьць у арганізацыі ізноў жа нам не на карысьць. Канечне, наш урад спадзяецца, што з моманту ўступленьня ў СГА Расея вымушаная будзе пайсьці на невялікія саступкі ў тарыфнай палітыцы, але гэта будуць сапраўды нязначныя саступкі.

НН: Ці згодныя Вы з думкай, што Ўкраіна цяпер можа ўскладніць працэс далучэньня Расеі да СГА?

І.Т.: Такое магчыма, але ці патрэбна тое ўкраінцам. Бо, паўтаруся, выгадней вырашаць спрэчныя пытаньні, карыстаючыся мэханізмамі СГА, часьцей арыентаванымі на кампраміснае вырашэньне спрэчак. Калі ж Расея не патрапіць у СГА, то яна, як досыць самадастатковая краіна, зможа папросту ігнараваць прэтэнзіі Ўкраіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?