Віктар Марціновіч. Фота з архіву «Нашай Нівы»

Віктар Марціновіч. Фота з архіву «Нашай Нівы»

Тэатральны праект Ganymed у кастрычніку паставіць п’есу беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча ў зале Музея гісторыі мастацтваў у Вене (Аўстрыя). Пісьменнік распавёў «Нашай Ніве» пра пастаноўку і гісторыю яе стварэння.

П’еса «Самае лепшае месца ў свеце» прысвечаная толькі адной карціне — «Стары ў вакне» Сэмюэля ван Хогстратэна.

З верасня па снежань 2014 года Марціновіч жыў у Вене і працаваў у Венскім інстытуце гуманітарных навук, дзе завяршаў кнігу пра Марка Шагала і яго віцебскія гады.

«У Аўстрыі я пазнаёміўся са шмат якімі цікавымі людзьмі, што складаюць венскі культурніцка-навуковы бамонд, — распавядае ён. — Дарэчы, быў вельмі здзіўлены тым, што пабачыў там, на гэтых фуршэтах і біенале, беларусаў, прычым не толькі тых, каго прынята называць «алігархамі» ці чальцамі іх сем'яў, аднак і простых фатографаў, сярэдніх бізнесоўцаў і мастакоў, з якімі шчыльна стасаваўся».

Знаёмствы з венцамі дапамаглі яму ў красавіку, калі ладзіўся тур з кнігай «Параноя» — раней дэбютны раман Марціновіча атрымаў англійскі пераклад, а цяпер і нямецкі ў выкананні Томаса Вайлера. Да кнігі зноў атрымалася прыцягнуць увагу буйных медыя.

На прэзентацыю кнігі прышлі тэатралы праекта Ganymed, якія ўразіліся творам. «Яны прапанавалі паўдзельнічаць, я, канечне ж, адразу пагадзіўся, бо для мяне гэта было выхадам на прынцыпова іншы ўзровень», — кажа Марціновіч.

Для праекту пісьменнікі і драматургі з розных краін Еўропы абіраюць карціны з калекцыі Музею гісторыі мастацтваў у Вене і пішуць па матывах адной-адзінай карціны п’есу.

Затым акцёры Ganymed ставяць п’есу проста ў тым зале, дзе выстаўляецца карціна.

«Стары ў вакне». Фота: bilddatenbank.khm.at

«Стары ў вакне». Фота: bilddatenbank.khm.at

«Каб адказаць, што пабачыў у «Старым», трэба напісаць паўнавартасную п'есу, — смяецца Марціновіч. — Магу толькі сказаць, што гэты тэкст па дамове з «Ганімедам» складаецца з дзвюх частак: умоўна мастацтвазнаўчай ды ўмоўна ігравой — той,што будуць непасрэдна ставіць».

Ігравая частка распавядзе пра фатографа, які падчас Другой сусветнай вайны ў Швецыі ад асуджанага на смерць яўрэя, які спрабуе ўратавацца, даведваецца вялікую таямніцу пра самае лепшае месца на свеце.

Тэкст «Самага лепшага месца на свеце» пераклаў той самы Вайлер, які перакладаў і «Параною». «Напісаўшы, я крыху нерваваўся, бо не меў досведу супрацы з настолькі буйнымі еўрапейскімі мастацкімі праектамі, як не меў і досведу пастаноўкі такіх п’ес», — узгадвае аўтар. Але п’есу ў праекце Ganymed ацанілі вельмі пазітыўна.

«Самае лепшае месца ў свеце» — не першы досвед Марціновіча ў напісанні п’ес для тэатраў. Першы быў няўдалым і засмуціў аўтара.

«Два гады таму праз Паўла Харланчука я перадаў у Купалаўскі трохактную п'есу пра рэўнасць, на што не атрымаў ні прывету, ні адказу, — прыгадвае пісьменнік. — З тае пары меў адчуванне, што ў драматургіі ў мяне ніколі і нічога не атрымаецца. І гэта вельмі неяк па-беларуску — тое, што першы паспяховы тэатральны досвед прыходзіць да мяне ў форме супрацы з тэатрам адной з культурных сталіц свету. Не атрымалася ў Беларусі, у Купалаўскім, і раптам вось так задалося ў Аўстрыі — зараз, напэўна, і Купалаўскі пачне звяртаць увагу на тое, што я пішу, асабліва ў тым выпадку, калі мой ганімедаўскі тэкст будзе заўважаны ў Еўропе».

«Самае лепшае месца ў свеце» не будзе «аднаразовым» творам пад адзін праект: найлепшыя п'есы «Ганімеда» паўтараюцца з года ў год. Напрыклад, тэкст Марціна Полака, ушанаваны шматлікімі ўзнагародамі, «раціруецца» дагэтуль. «Паглядзім, як пойдзе», — кажа пісьменнік пра магчымасць наступных пастановак п’есы.

Пісьменніка запрашалі на прэм’еру, але ён яе хутчэй за ўсё прапусціць: «Так выглядае, што ў месяц, калі яна адбудзецца, я буду вельмі далёка ад Вены, у месцы, куды доўга імкнуўся вярнуцца і вось, атрымаў запрашэнне».

Дзякуючы супрацы з Вайлерам і поспеху «Параноі», Марціновіч можа стаць аўтарам, які працуе наўпрост з еўрапейскім рынкам.

У хуткім часе Вайлер перакладзе на нямецкую і новы раман пісьменніка — «Мова».

«Мова». Фота з архіву «Нашай Нівы»

«Мова». Фота з архіву «Нашай Нівы»

«У Нямеччыне «Параноя» стрэліла, — распавядае пісьменнік. — Пасля рэцэнзій у буйных медыях ужо зробленая і ўжо прадаецца другая дадрукоўка накладу. Гэта вельмі незвычайна для першай кнігі незнаёмага рынку аўтара. Звычайна пачынае прадавацца трэці раман — гэта такі агульны закон кніжнага маркетынгу».

Паспяховасць «Параноі» прыцягнула ўвагу і да «Мовы» — раман атрымалася прадаць у Нямеччыну на вельмі добрых умовах. Цяпер продажам правоў на выданне кнігі на іншых мовах займаецца франкфурцкае агенцтва. На нямецкай «Мова» выйдзе ў кастрычніку наступнага года.

«Што будзе надалей — паглядзім. Настрой на гэтую тэму аптымістычны і наогул адчуванне, што ўсё толькі пачынаецца», — кажа Марціновіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?