Трыццацісямігадовы беларускі асілак, паўэрліфтар Кірыл Шымко ўсталяваў сусветны рэкорд, ссунуўшы з месца і за два падыходы працягнуўшы на 1,43 метра 118-тонны вежавы кран.
фота БелаПАН
Рэкорд быў устаноўлены на пляцоўцы будаўніцтва новабудоўлі ў жылым комплексе «Чайкоўскі» на сталічнай вуліцы Ціміразева ў прысутнасці шматлікай публікі і прадстаўнікоў Кнігі рэкордаў Гінэса.
Перад устанаўленнем рэкорда Шымко адзначыў, што ідэя ссунуць вежавы кран «нарадзілася спантанна». Спартсмен расказаў, што яго запрасілі на інтэрнэт-рэсурс realt.by у якасці эксперта па нерухомасці і «папрасілі ссунуць рынак нерухомасці». Шымко, у сваю чаргу, прапанаваў «зрабіць гэта ў літаральным сэнсе». «Што можа больш асацыявацца з нерухомасцю, калі не вежавы кран», — растлумачыў асілак.
фота Сяргея Зініна
На рахунку Кірыла Шымко шэраг дасягненняў, у тым ліку занесеных у Кнігу рэкордаў Гінэса. Так, вясной 2007 года Кірыл Шымко і Павел Сарока ссунулі з месца і за хвіліну працягнулі на 6,5 метра чыгуначны састаў з пяці вагонаў агульнай масай 250 тон. Летам 2007 года гэтыя ж асілкі працягнулі на тры метры самалёт Іл-76 масай прыкладна 150 тон у нацыянальным аэрапорце Мінск.
БелаПАН
Вясной 2008 года на тэрыторыі «Лініі Сталіна» Шымко і Сарока працягнулі на 5,1 метра танк Т-34 вагой амаль у 31 тону, што было зафіксавана прадстаўніком Кнігі рэкордаў Гінэса.
Восенню 2011 года Шымко працягнуў 55-тонны кар'ерны самазвал «БелАЗ», а вясной 2013 года на адкрыцці гандлёвага цэнтра «Арэна-Сіці» ў Мінску ён працягнуў больш як на дзесяць метраў сем счэпленых паміж сабой мікрааўтобусаў. Восенню 2013 года ў Маскве Шымко працягнуў за сабой савецкі танк Т-26 масай 11,5 тоны, што таксама знайшло адлюстраванне прадстаўніком Кнігі рэкордаў Гінэса.
БелаПАН