Мінск і Вашынгтон працуюць над тым, каб пасольствы Беларусі ў ЗША і ЗША ў Беларусі аднавілі працу ў нармальным рэжыме. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю газеце «Вашынгтон пост». 

Інтэрв'ю было дадзена 19 мая і 26-га — апублікавана на сайце газеты. Сёння яго размясціў сайт беларускага МЗС. 

На пытанне, калі ЗША і Беларусь зноў прызначаць сваіх паслоў, Макей адказаў: «Мы нічога не выключаем. Я не выдам сакрэту, калі скажу, што мы распрацавалі так званы пералік малых захадаў разам з нашымі калегамі з Дзярждэпартамента. Мы гэты пералік практычна ўжо паспяхова рэалізавалі і думаем над наступным этапам выхаду нашых адносін на новы ўзровень. Я думаю, што паступова мы падыдзем да вырашэння пытання паўнацэннай працы на ўзроўні паслоў у абедзвюх краінах. Для гэтага трэба крыху пастарацца і аднавіць той узровень даверу, які павінен быць у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі, якія хочуць быць раўнапраўнымі партнёрамі. Мы працуем над гэтым». 

Пры гэтым Макей не змог назваць канкрэтныя тэрміны. «Ведаеце, у дыпламатыі, і асабліва сёння, калі сітуацыя і ў нашым рэгіёне, і ў многіх іншых рэгіёнах выглядае нявызначанай, я не магу і не буду гаварыць пра канкрэтны час. Але падзеі апошняга года, паўтара-двух гадоў гавораць аб тым, што мы вяртаемся ў нашых адносінах да нармальнай пазітыўнай дынамікі. І ёсць пэўныя прыклады пазітыўных рашэнняў з двух бакоў. Таму мы перакананыя, што рана ці позна гэтая пазітыўная дынаміка прывядзе да паўнацэннай нармалізацыі адносін паміж нашымі дзяржавамі. Я б не стаў тут устанаўліваць нейкія тэрміны «да юбілейных дат». Як паказвае гісторыя, гэта заўсёды контрпрадуктыўна», — сказаў кіраўнік МЗС. 

Колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочаная па патрабаванні беларускага боку з 35 чалавек да пяці ў сакавіку 2008 года з-за ўвядзення ЗША санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннямі правоў чалавека. Неўзабаве пасля гэтага пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. У 2014 годзе беларускі бок дазволіў павялічыць штат пасольства ЗША з пяці да шасці чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?