Пасол ЕС у Расіі Вігаўдас Ушацкас запатрабаваў афіцыйнай пазіцыі Расіі ў сувязі з публічнымі пагрозамі дэпутата Дзярждумы РФ Уладзіміра Жырыноўскага на тэлебачанні «вярнуць Вільню і Клайпеду».

Пра гэта дыпламат заявіў у каментары Delfi.lt.

Як паведамляецца, гэтыя пагрозы лідар ЛДПР выказаў падчас дэбатаў на расійскім «Першым канале» ў ноч на сераду, у якіх прымаў удзел і Ушацкас.

«Калі Жырыноўскі прыгразіў «вярнуць Вільню і Клайпеду», я запатрабаваў афіцыйнай пазіцыі Расіі на прадмет павагі да тэрытарыяльнай цэласнасці Літвы», — адзначыў Ушацкас.

Ён падкрэсліў, што прадстаўнік МЗС адказаў яму, што гэта «прыватнае меркаванне Жырыноўскага».

Па словах Ушацкаса, пра ўдзел Жырыноўскага ў праграме ён даведаўся ўсяго за некалькі гадзін да пачатку эфіру.

«Я адразу ж засумняваўся адносна свайго ўдзелу ў такой клаўнадзе, якая звычайна бывае з ім. Але я зрабіў гэта з павагі да запрашэння вядучага Валерыя Фадзеева, якое ўзгаднялася 5-6 месяцаў», — адзначыў пасол ЕС.

«Жырыноўскаму былі прадастаўленыя выключныя месца і магчымасці для самавыяўлення — ён стаў кідацца рознага роду пагрозамі «вярнуць Украіну», а таксама вярнуць Вільню і Клайпеду, якія не належаць Літве». Гэта справакавала маю непазбежную рэакцыю, абурэнне. Я сказаў, што спадзяюся, што гэта не афіцыйная пазіцыя Расіі, прэзідэнта Уладзіміра Пуціна», — падкрэсліў Ушацкас.

Паводле яго слоў, праграму глядзяць мільёны людзей, так што яна фармуе грамадскую думку.

Разам з тым МЗС Літвы на сваёй старонцы ў Twitter таксама выказаў надзею, што ўлады РФ дыстанцуюцца ад заяў Жырыноўскага.

«Прызвычаіўшыся да істэрыі Жырыноўскага, мы чакаем, што ўлады РФ дыстанцуюцца ад тэрытарыяльных прэтэнзій да Літвы», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што ў сакавіку 2014 года Жырыноўскі прапанаваў Польшчы дамагацца правядзення рэферэндуму аб далучэнні пяці заходніх абласцей Украіны — Валынскай, Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай і Ровенскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?