Суд Ленінскага раёна Брэста (cуддзя Дзмітрый Шурын) 3 чэрвеня аштрафаваў незалежную журналістку Аліну Літвінчук агулам на 60 базавых велічынь за падвойнае парушэнне арт. 22.9 ч.2 КаАП.

У судзе разглядаліся адразу дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні да журналісткі.

Падставай для першай справы стала інтэрв'ю, якое 28 сакавіка 2015 г. Аліна Літвінчук узяла ў прадпрымальніцы Святланы Пашалюк на дабрачынным кірмашы. (Матэрыял «Велікодны дабрачынны кірмаш у Берасці».) Тое, што журналістка не мела акрэдытацыі ў якасці журналіста на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і «размясціла» інтэрв’ю «на сайце польскай радыёстанцыі «Беларускае Радыё Рацыя»», суддзя палічыў «незаконным вырабам прадукцыі СМІ».

Другую справу завялі з нагоды інтэрв’ю, якое журналістка ўзяла 3 красавіка ў настаўніцы «Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» Алены Каховіч. (Матэрыял «Гульня «Біржа ідэй» у Берасці будзе працягвацца да траўня».)

У судзе фігуравалі раздрукоўкі абодвух згаданых матэрыялаў з сайта «Беларускага Радыё Рацыя». Таксама ў суд у якасці сведак выклікалі абедзьвюх жанчын-суразмоўцаў журналісткі. Яны паведамілі, што мелі гутаркі з супрацоўнікамі КДБ ў справе іх кантактаў з Літвінчук. У сваёй пастанове суддзя Шурын таксама абапіраецца на «інфармацыю начальніка УКДБ па Брэскай вобласці».

«Абставін, якія б змякчалі адказнасць Літвінчук А. С., не ўстаноўлена. Абставінай, якая абцяжарвае адказнасць Літвінчук А.С., суд лічыць здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння паўторна», – гаворыцца ў пастанове суда.

Інфармацыя пра суд прыйшла Аліне Літвінчук праз СМС-паведамленне, але журналістка вырашыла наведаць судовае пасяджэнне. Разгляд доўжыўся з 10-й раніцы да 16.30. Пасля агучвання рашэння журналістка падала заяву, у якой адзначыла, што лічыць рашэнне палітычна матываваным і не адпаведным нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству.

Сёлета суды ўжо 17 разоў штрафавалі журналістаў паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП, у тым ліку 4 разы — Аліну Літвінчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?