Напярэдадні візіту ў Шклоў Аляксандра Лукашэнкі мясцовая міліцыя пераследуе апазіцыю, сцвярджае экс-кандыдат у прэзідэнты, намеснік старшыні Партыі БНФ, жыхар райцэнтра Рыгор Кастусёў. 

«У кватэру прыходзіў міліцыянер, сказаў, каб у бліжэйшую суботу да абеду не адкрывалі вокны, а потым спытаў, дзе я знаходжуся, таму што яго прасілі ўдакладніць», — паведаміў апазіцыйны палітык. Паводле яго слоў, цяпер ён знаходзіцца ў сваёй вёсцы недалёка ад раённага цэнтра. 

«Я разглядаю такую зацікаўленасць напярэдадні прыезду Лукашэнкі як палітычны пераслед. Бо само пытанне ўжо гучыць непрыемна. Пытаюцца ў родных, блізкіх, каб паказаць — глядзіце, мы за вамі сочым. Гэта палітычны пераслед, намёк на нейкія магчымыя дзеянні», — лічыць Кастусёў. 

Паводле слоў апазіцыйнага палітыка, адна з мэтаў візіту Лукашэнкі — наведванне шклоўскага даўгабуда, Лядовага палаца. «Яго павінны былі закончыць гады тры таму, але ніяк не дабудуюць. Нават моладзь у Шклове збірала подпісы, каб адбудавалі гэты Лядовы палац, адпраўлялі ў Адміністрацыю прэзідэнта, палац пачыналі дабудоўваць, потым зноў закідвалі. Кажуць, не хапае грошай, пры тым што кожны год мы чытаем, што ў Шклове выкрываюцца факты карупцыі на сотні тысяч долараў», — сказаў намеснік старшыні Партыі БНФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?