Каб даведацца, як можна схадзіць паглядзець на Вадзіма Францавіча і кампанію, я патэлефанаваў на гарачую лінію АНТ. Тэлефон узяла ветлівая дзяўчына, якая скіравала мяне ў сацсеткі: маўляў, запісвацца трэба Укантакце праз нейкую суполку «Масоўка Мінск». У суполцы трэба было звярнуцца да Алены Віктараўны. Ну што ж, масоўка, дык масоўка.

Суполка знайшлася ў два клікі. Тая самая Алена Віктараўна была там чамусьці пазначана як «мамка». З апісання суполкі было зразумела, што ў ёй набіраюць статыстаў у фільмы і серыялы, якія здымаюцца ў Мінску. Пачуўшы, што я хачу наведаць у якасці гледача ток-шоу «Справа прынцыпу», Алена Віктараўна без усякіх пытанняў накіравала мяне да нейкай Наталлі. Наталля ў сваю чаргу спытала толькі пра ўзрост.

«28», — нясмела сказаў я праўду. Здаецца, яе задаволіла. Ва ўсякім выпадку, Наталля адразу пачала запісваць мае пашпартныя дадзеныя. Па яе словах, гэта патрэбна было для аплаты. Тут я трошкі захваляваўся: ток-шоу, вядома, рэч цікавая, але плаціць за прагляд Гігіна — сумнеўнае задавальненне. Аказалася, што плацяць гледачам. «Ого, — падумаў я, — зажыву!»

«І вазьміце гальштук, — сказала на развітанне Наталля. — Яны просяць, каб у гальштуках былі».

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то тэлебачанне, мяркуючы па ўсім, пачынаецца з пашарпанага фае ў Доме афіцэраў вайсковага гарадка Уручча.

Збор масоўкі быў прызначаны а палове дзясятай, у пятніцу. Перадача запісваецца перад выходнымі, у гэты раз здымалі адразу два выпускі. Народ паціху падцягваўся, рабочыя з вясёлымі мацюгамі насілі мэблю і абсталяванне. «Гледачы» былі абсалютна разнастайныя.

Я чакаў, што прыйдуць у асноўным студэнты і пенсіянеры, яны былі, але не так шмат. Хапала і добра апранутых людзей сярэдняга ўзросту, і тых, хто відавочна прыйшоў хоць нешта зарабіць. 

Хутка з’явілася і сама Наталля. Натоўп ажывіўся. Спачатку трэба было падысці да яе і пацвердзіць свой прыход. Праўда, ніякіх дакументаў ніхто не правяраў. Потым чакаць, пакуль памочнік не выгукне тваё прозвішча і не выдасць дамову. У чаканні папераў людзі дзяліліся на групкі і нягучна гутарылі. Заўважна было, што большасць адзін аднаго ўжо ведае.

«Наўрад ці здымкі пачнуцца раней за 11», — уздыхала стомленая жанчына.

«ІВАНОЎ!» — выклікаў памочнік Наталлі.

«Вось быў я на запісе музычнай перадачы, — расказваў свайму пажылому сябру акуратны дзядуля. — А з моладзі там — Саладуха з Ціхановічам».

«ПЯТРОЎ!!» — крычаў памочнік.

«Дык я сюды хаджу, бо жыву за пяць хвілін пехатою», — даверліва паведаміў дагледжанай жанчыне чалавек са смешнымі бакенбардамі.

«СІДАРАЎ!!!» — праравеў памочнік.

Паціху дайшла чарга і да мяне. Я атрымаў паперу, на якой было напісана «Дамова падраду № …». Нумар не быў прастаўлены.

За васьмігадзінны працоўны дзень мне прапанавалі 175 тысяч беларускіх рублёў. Гадзіна працы гледачом каштавала 21 250 рублёў. Не надта разгуляешся.

Я прагледзеў дамову яшчэ раз — і вырашыў яе не падпісваць. Па-першае, ні подпісу намесніка старшыні праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны канал», ні якіх-небудзь пячатак на дамове не знайшлося. Па-другое, паведамлялася, што дамова заключаецца ў двух асобніках, але мне далі толькі адзін. І па-трэцяе, маё імя па бацьку было памылкова пазначана як «Ціханавіч».

«Чорт з імі, з грашыма, — падумаў я. — Ціханавічам не буду!».

І засунуў паперу ў кішэню — на памяць.

Тым часам астатнія хуценька распісваліся і вярталі свае дамовы арганізатарам. Да пачатку здымак было яшчэ доўга. Кожны бавіў час як мог. Ні пра якую гарбату ці каву не было нават гаворкі. Не было нават куды прысесці.

Я выйшаў на ганак праветрыцца. Аб’явы на дзвярах старога Дома афіцэраў запрашалі зрабіць тэрміновае фота, заключыць страхавую дамову ці наведаць краму з адзеннем. Побач стаяў адзін з гледачоў у залатой кашулі і меланхалічна жаваў сухарыкі. Непадалёку бадзяліся два вялікія бяздомныя сабакі. Ля самага ганка быў прыпаркаваны вялізны чорны «Ягуар». Адзін з сабакаў абнюхаў яго колы і каля аднаго з іх задраў нагу. На ганак выйшаў дзядуля, дастаў з поліэтыленавага пакета два гальштукі, шэры і чорна-чырвоны, прыклаў іх да кашулі і спытаў у першых жа жанчын: «Які лепшы?» Пасля нядоўгага абмеркавання вырашылі, што шэры.

«Як да шлюбу!» — сказала адна з дарадцаў.

Дзядуля з неахвотай пагадзіўся.

Стомленая прадказальніца не памылілася, запускаць у павільён пачалі каля адзінаццатай. Па дарозе я пацікавіўся ў іншых статыстаў, якая будзе тэма перадачы. Ніхто не ведаў.

Людзей запусцілі ў вялікую залу, зацягнутую чорнай тканінай. На ўваходзе стаяў стол, побач з ім — вялікая плазма. На ёй ішоў кінафільм Джыма Джармуша «Выжывуць толькі палюбоўнікі» з выключаным гукам. Збоку стаяла доўгая вешалка, як у гардэробах, толькі без нумаркоў. Там прапанавалася пакідаць вопратку і торбы.

У цэнтры, ізноў жа агароджаным тканінай, была тая самая пляцоўка, якую відаць у тэлевізары, з крэсламі для гасцей і сувядучага, вялікімі экранамі. Абапал — дзве трыбуны літарай «Г» з вузкім праходам паміж імі. Менавіта адтуль з’яўляецца Гігін у пачатку праграмы.

Высветлілася, што сесці абы-куды не ўдасца. Размеркаваннем гледачоў дзелавіта займалася мілавідная дзяўчына разам з суворым ахоўнікам. Саджаць стараліся так, каб разбавіць мужчын жанчынамі, а светлыя плямы адзення — цёмнымі. Дзве дамы ў ружовым адразу былі адпраўленыя ў розныя месцы трыбуны. Не надта прэзентабельныя на думку дзяўчыны гледачы – уверх, далей тыя, хто ёй больш спадабаўся, — наперад, у ніжнія шэрагі.

Нарэшце, рассадка скончылася. Усім раздалі пульты — планавалася, што з іх дапамогай гледачы выказваюць сваё меркаванне наконт выступу таго ці іншага госця. Праўда, як карыстацца тымі пультамі, ніхто не патлумачыў, дый самі яны былі даволі дзіўныя – звычайныя, з лічбамі ад 1 да 0, нібыта ад тэлевізара. На тым месцы, дзе звычайна знаходзяцца гузікі гуку, наклеена чорная паперка, пад якой бачныя пустыя гнёзды ад гэтых кнопак. А крышку аддзела з батарэйкай чамусьці заклеілі шэрай ліпкай стужкай. Я адразу аддзёр яе — батарэйка была на месцы.

Пачаліся здымкі. Ізноў абмяркоўвалі Украіну. У якасці экспертаў былі запрошаныя журналісты Аляксандр Класкоўскі і Арцём Шрайбман, дырэктар BISS Аляксей Пікулік, дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Барадзеня, аглядальнік лукашэнкаўскай газеты «Рэспубліка» Усевалад Шымаў ды іншыя. Праз скайп звязваліся з міністрам інфармацыйнай палітыкі Украіны Юрыем Стэцем, прадстаўнікамі «Блока Парашэнкі» і скептычна настроенымі да сённяшняга кіраўніцтва Украіны расійскімі журналістамі, гаварылі па тэлефоне з прадстаўніком ДНР.

Забягаючы наперад, варта адзначыць — амаль нічога ў фінальнай ТБ-версіі не выразалі. Хіба акрамя моманту, калі Гігін літаральна ўзвіўся. На прапанову Класкоўскага ўявіць на месцы Украіны Беларусь, напрыклад, з Магілёўскай Народнай Рэспублікай, вядучы пракрычаў: «Перастаньце несці гэтую бязглуздзіцу!»

Падчас гутаркі графік на экранах адлюстроўваў падтрымку аўдыторыяй таго ці іншага меркавання. Графік мяняўся імкліва, прыгожа, але… трошкі прыгледзеўшыся, я заўважыў, што пульты статыстаў асабліва не зацікавілі. Падчас запісу 99% тых гледачоў, чые рукі я бачыў, да пультаў нават не дакраналіся. Тым часам іх меркаванне на экране змянялася ў адзіным патрыятычным рытме: калі нехта з экспертаў выказваўся аб суверэнітэце і незалежнасці нашай дзяржавы, гледачы нібыта выказвалі яму сваю падтрымку. Але як толькі хтосьці гаварыў пра расейскія войскі ва Украіне ці пачынаў вінаваціць у канфлікце Пуціна — большасць аўдыторыі нібыта адразу паказвала сваю незадаволенасць такой дзёрзкасцю.

Падзівіўшыся, я і сам патыкаў у свой пульт. На экране гэта ніяк не адбілася. Тады я ціхенька ўзяў пульты сваіх суседак і пачаў націскаць кнопкі на ўсіх трох прыладах адначасова. Колькасць згодных-нязгодных не змянілася ані на працэнт.

Я вырашыў пракансультавацца ў адной са сваіх суседак. Дагледжаная пажылая дама, яна нават прынесла з сабой спецыяльную падушачку з леапардавым узорам, каб зручней сядзець. Было зразумела, што гэта не першы яе візіт на перадачу.

«Яны ўвогуле працуюць?» — спытаў я пра пульты.

Мая суседка хіхікнула і адмахнулася.

Тым часам першая частка праграмы падышла да канца. Аб’явілі кароткі перапынак.

«72 чалавекі са 100 пагадзіціліся з Класкоўскім, калі ён папярэдзіў, што інфармацыйная вайна пагражае і Беларусі, — абвясціў перад паўзай сувядучы Вячаслаў Бандарэнка. – А антыгерой — Юрый Стэць, 74 чалавекі былі не згодныя з ім, калі ён загаварыў аб расійскіх войсках на Украіне».

Ну-ну.

У перапынку мая суседка паспела з’есці памідорку. Адначасова яна гучна абуралася каментарамі Класкоўскага: «Вось колькі ні хаджу, усё ён крытыкуе і абураецца! Усё яму не падабаецца!» Мужчына, які сядзеў побач, з ёй не пагадзіўся.

«А вы зайдзіце на завод! Схадзіце паглядзіце, якія там заробкі! Зараз уся нашая эканоміка накрываецца, — сказаў ён. — Патрэбныя рэформы, перамены! І ўладу трэба мяняць!»

«На каго? — пагардліва спытала жанчына. — На такіх, як гэты?»

Далей працягвалася ў тым жа духу. Пасля дзяржаўнай рыторыкі — «шчырыя» апладысменты, якімі загадвала тая ж дзяўчына, якая займалася рассадкай. Калі хтосьці прагаворваў нешта асабліва патрыятычнае, заўважаў недахопы сённяшняй украінскай улады ці, як Гігін, цытаваў Лукашэнку, яна ўздымала над галавой вялікую таблічку з надпісам «Аплодисменты» — і аўдыторыя імкліва рэагавала. У таблічкі чамусьці быў адбіты ніжні вугал.

«Пультавая таямніца» раскрылася ў канцы. Госці сышлі, а «гледачы» засталіся. Яны павінны былі дапрацаваць невялікі кавалак. Спачатку некалькі разоў здымалі апладысменты («Дайце мне зацікаўленыя твары!» — патрабаваў голас рэжысёркі аднекуль са столі), а потым дайшлі і да пультаў. Спачатку іх трэ' было проста патрымаць, гэта знялі, а потым загадалі і патыкаць у кнопкі.

«Націскаем, націскаем!» — камандаваў нябачны голас. Людзі ўзялі пульты і паслухмяна пачалі выконваць каманду. Я паглядзеў на мужчыну, які казаў пра неабходнасць пераменаў. Ён, так жа як і ўсе астатнія, засяроджана глядзеў на пустую сцэну, трымаючы ў руцэ пластыкавы пульт. Пальцы паслухмяна націскалі на кнопкі, якія ні на што не маглі паўплываць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?